Трансьляцыі «Белсату» нічога не пагражае
Андрэй Белякоў у судзе адмовіўся ад свайго патрабаваньня спыніць трансляцыю тэлеканала «Белсат» спадарожнікам Astra — пра вынікі чарговага паседжаньня ў справе «БЕЛСАТплюс» супраць «Белсат ТВ» паведаміў Міхась Янчук, прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі.
Паводле Міхася Янчука, паседжаньне доўжылася тры гадзіны, і за гэты час быў заслуханы толькі бок пазоўніка.
«У сіле ён пакінуў сваё патрабаваньне, каб мы перасталі выкарыстоўваць назву „Белсат“ у сваёй дзейнасьці. Заўтра будзе чарговае паседжаньне».
«Нашая пазыцыя палягае ў тым, што гэтага суду агулам ня можа быць, — тлумачыць Янчук пазыцыю тэлеканалу. — Адзін з суб’ектаў гэтага працэсу зьяўляецца суб’ектам замежным і ня мае аніякага юрыдычнага прадстаўніцтва на тэрыторыі Беларусі. На гэты конт ёсьць адпаведны артыкул».
Аднак сёньня суд пад кіраўніцтвам судьдзі Галіны Глухоўскай вырашыў, што справа падсудная суду Рэспублікі Беларусь, і працэс працягнуўся.
«У частцы, у якой нам давядзецца змагацца, мы, канечне, упэўненыя, што рацыя на нашым баку, — кажа Янчук. — У спадара Белякова ў 38 клясе дзейнасьці Міжнароднага клясыфікатара тавараў і паслугаў няма такога напрамку дзейнасьці, як спадарожнікавае тэлебачаньне. То бок мы ніякім чынам ня можам парушаць ягоныя правы».
Калі ўсё ж беларускі бок стане на бок Андрэя Белякова, «Белсат» разглядае магчымасьць зьвярнуцца ў суд на тэрыторыі Эўразьзвязу. Міхась Янчук выказвае меркаваньне, што ў такім выпадку тэлеканал мае стопрацэнтныя шанцы.
Чарговае паседжаньне ў справе «БЕЛСАТплюс» супраць «Белсат ТВ» адбудзецца 21 студзеня.
Інтарэсы тэлеканалу абараняе адвакат Ігар Дзячкоў.
Андрэя Белякоў кажа, што зарэгістраваў гандлёвы знак «БЕЛСАТплюс» яшчэ ў 2001 годзе.
Тэлеканал «Белсат» быў створаны 23 красавіка 2007 году. Кампанія «Тэлевізія Польска», да якой афіцыйна адносіцца тэлеканал «Белсат», ужо падавала ў беларускі суд пазоў супраць кампаніі Андрэя Белякова.
Польская кампанія прасіла датэрмінова і часткова спыніць прававую ахову камбінаванага гандлёвага знаку «Белсат» на тэрыторыі Беларусі. Аргумэнтам польскага боку было тое, што беларуская кампанія не карысталася знакам у дачыненьні да ўсіх тавараў і паслугаў без паважных прычынаў. «Тэлевізія Польска» паведамляла таксама пра сваю зацікаўленасьць у рашэньні на сваю карысьць менавіта з прычыны дзеяньня тэлеканалу «Белсат».
Аднак у чэрвені 2012 году суд стаў на бок Андрэя Белякова. Цяпер Белякоў кажа, што робіць крок у адказ — падае ў суд на польскую кампанію.
Фірма Белякова «БЕЛСАТплюс» займаецца продажам спадарожнікавых талерак. Белякоў сьцьвярджае, што Польскае тэлебачаньне не зьвярталася да яго з прапановамі пра грашовую кампэнсацыю. Сам ён пакуль не разглядае магчымасьці адмовіцца ад сваіх судовых патрабаваньняў у абмен на грашовую кампэнсацыю.
Белякоў хоча, каб тэлеканал «Белсат ТВ» зьмяніў свой гандлёвы знак. Ён катэгарычна адмаўляе, што перасьледуе сваім пазовам палітычныя мэты.