8 гадоў таму зьнік генэрал Юры Захаранка
Дагэтуль сваякі і паплечнікі былога міністра ўнутраных спраў ня ведаюць пра ягоны лёс. Сябры АГП наведаюць сёньня на Гомельшчыне маці Юр’я Захаранкі, а актывісты моладзевых арганізацый правядуць шэраг акцый, каб нагадаць грамадзтву, што памятаюць зьніклых лідэраў і патрабуюць ад улады даць адказ пра лёс яе выкрадзеных апанэнтаў.
На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася акцыя з нагоды восьмай гадавіны з дня зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юр’я Захаранкі.
14 маладых людзей з партрэтамі Захаранкі, а таксама беларускіх палітзьняволеных а палове восьмай гадзіны вечара сабраліся ля знаку нулявога кілямэтра.
Акцыя працягвалася каля 10 хвілін. Пасьля яе ўдзельнікі разышліся.
Паводле інфармацыі карэспандэнта агенцтва БелаПАН, пасьля акцыі на Кастрычніцкай плошчы частка яе ўдзельнікаў накіравалася да сквэру Янкі Купалы. Там да маладых людзей пад’ехалі дзьве машыны міліцыі, зь якіх выйшлі супрацоўнікі спэцназу. Спэцназаўцы забралі ва ўдзельнікаў памятнай акцыі партрэты. Ніхто ня быў затрыманы.