Штраф 2 800 000 (амаль паўтары тысячы даляраў) павінна будзе заплаціць Аксана Новікава за пажаданьне хутчэйшага выздараўленьня для А.Лукашэнкі.
Такое рашэньне прыняла судзьдзя Ленінскага райну г. Мінска А. Шылько 2 верасьня 2003 году. Віна Аксаны Новікавай заключалася ў тым, што яна 30 жніўня, у дзень нараджэньня А. Лукашэнкі (цытуем Пастанову суда) “па вул. Энгельса, 20 у г.Мінску каля рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь трымала ў руках плакат з надпісам “Хутчэйшага выздараўленьня”, чым парушыла парадак арганізацыі і правядзеньня пікетаваньня...”
У ходзе судовага паседжаньня А. Новікава сваёй віны не прызнала, паколькі лічыць, што нічога супрацьпраўнага яна не зьдзяйсьняла. Аднак “довады Новікавай А.Б. пра тое, што яна нічога супрацьпраўнага не зьдзяйсьняла, суд прызнаў неадпавядаючымі сапраўднасьці, паколькі лічыць, што яе фактычныя дзеяньні ўтвараюць склад вышэйапісанага правапарушэньня”.
Суд вынес рашэньне аштрафаваць “правапарушальніцу” на 200 базавых адзінак (2 800 000 рублёў) згодна з арт. 167-1 ч.2 КаАП РБ.
Нагадаем, што Аксана Новікава адна выхоўвае двухгадовую дачку. У красавіку бягучага году яна была асуджаная на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады за абразу прэзідэнта.