Гарадзенскія праваабаронцы супраць дыскрымінацыі
Гарадзенскія грамадскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Раман Юргель падалі ў суд Ленінскага раёна Гародні чарговую скаргу на рашэнне Гарадзенскага гарвыканкаму ад 4 кастрычніка за подпісам намесніцы старшыні мясцовай вертыкалі Алены Агей, якім было забаронена правядзенне інфармацыйнага пікету 10 кастрычніка бягучага году. У Сусветны дзень змагання супраць смяротнага пакарання праваабаронцы хацелі інфармаваць насельніцтва пра сітуацыю са смяротным пакараннем у свеце і ў Беларусі і патрабаваць адмены смяротнага пакарання ў краіне. Гарвыканкам, на думку заяўнікаў, парушыў іх канстытуцыйныя правы, прычым выставіў абсурдныя прычыны адмовы.
Гарадзенскі гарвыканкам на думку праваабаронцаў выявіў бюракратызм, заявіўшы ў сваім афіцыйным адказе, што яны былі абавязаны паведаміць пісьмова ў сваёй заяве, ці будзе масавае мерапрыемства праводзіцца з выкарыстаннем піратэхнічных вырабаў і адкрытага агню. Заяўнікі лічаць, што мусілі б паведамляць пра выкарыстанне піратэхнічных вырабаў і адкрытага агню толькі ў выпадку, калі б гэта прадугледжвалася.
Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Раман Юргель таксама перакананыя, што гарвыканкам беспадстаўна, а значыць незаконна вырашыў, што яны не змогуць “в должной мере соблюсти необходимые требования действующего законодательства Республики Беларусь по обеспечению безопасных условий проведения заявленного массового мероприятия и наведения порядка по его окончании”. На чым грунтавалася такая выснова застаецца незразумелым.
4-га ж лістапада ў гарадзенскім абласным судзе адбудзецца разгляд іншай скаргі гэтых жа праваабаронцаў на рашэнне суда Ленінскага раёну Гародні па адмове гарвыканкамам праводзіць пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага 4 жніўня. 23 верасня суддзя раённага суда Жана Краўчанка прадказальна ўзяла бок чыноўнікаў, нягледзячы на відавочныя парушэнні з іх боку.