Улады ў Рэчыцы зьбіраюцца зьнішчыць гістарычны будынак
Як лічаць мясцовыя жыхары, ён замінае ўладам падрыхтаваць горад да сёлетніх “Дажынак”.
Будынак, над якім навісла пагроза зьнішчэньня, знаходзіцца ў цэнтры гораду – па вуліцы Леніна, 47. Паводле актывіста прадпрымальніцкага руху Леаніда Невара, які жыве непадалёк, ён быў узьведзены ў ХІХ стагодзьдзі: “Першапачаткова ён будаваўся як унівэрсальная крама. Потым на пачатку ХХ стагодзьдзя яго пераабсталявалі пад жаночую гімназію. Тут вучылася да 200 дзяўчат. Пасьля жаночай гімназіі тут быў землеўпарадкавальны тэхнікум. Потым тут была музычная школа і дом піянэраў – я туды хадзіў. Потым – гарвыканкам Рэчыцы”.
Цяпер у гэтым будынку месьціцца частка Рэчыцкага райвыканкаму. У прыватнасьці, аддзел культуры. Яго кіраўніца Валянціна Ганжа патлумачыла “Свабодзе”:
“Ён не адпавядае архітэктурным патрабаваньням. Там зьмяшэньне стыляў. Сам будынак перабудоўваўся ў 50-х г.г. Прыбудова не адпавядае цяперашнім тэхнічным умовам. Нічога архітэктурнага і памятнага там няма. Будынак знаходзіцца ў жудасным выглядзе. Сьцены трэскаюцца па швах”.
Вэтэран Другой усясьветнай вайны Барыс Саланец нарадзіўся ў Рэчыцы 85 гадоў таму: “Я ведаю, што гэты будынак гістарычны. Да вайны я бачыў гэты будынак – я тут, у Рэчыцы, нарадзіўся. Там быў калісьці землеўпарадкавальны тэхнікум. Зьнешні выгляд будынак мае пакуль яшчэ выдатны. І разьмешчаны ён так, што нічому не перашкаджае. Я лічу, што не патрэбна яго зносіць”.
Чым выклікана ініцыятыва зносу будынку былой Жаночай гімназіі, у райвыканкаме не тлумачаць. Увосень у Рэчыцы заплянаваны ”Дажынкі” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Як лічаць мясцовыя жыхары, у гэтай сувязі улады вырашылі абнавіць цэнтар гораду, аднак гістарычны будынак ім замінае. Леанід Невар:
“Асноўная вэрсія прычын зносу – тая, што ў горадзе будуць “Дажынкі”. Гэты будынак стаіць на ўскраіны плошчы. Ён фасадам выходзіць на плошчу Леніна. І нібыта перашкаджае. У мяне забалела сэрца, калі гэта расказалі. Зьнесьці гістарычны будынак, які павінен быць захаваны для нашчадкаў – гэта бяспраўе поўнае”.