Свіныя бунты ў Бярозаўскім раёне працягваюцца (фота)
Другой вёскай, якая не пагадзілася на знішчэнне свінога пагалоўя, сталі Кабакі. Людзі накіравалі скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта, пракуратуру Бярозаўскага раёна, а таксама ў Бярозаўскі райвыканкам. У сваіх скаргах яны выказалі думку, што лепей бы выразалі пагалоўе свіней на свінаферме Хойнікі, якая не адпавядае санітарна-гігіенічным патрабаванням, збудавана 40 гадоў таму. На думку работніка гэтай фермы, які 40 гадоў на ёй адпрацаваў, значна танней будзе збудаваць новую, чым рэканструяваць старую. Гэтая ферма экалагічна небяспечная, бо аміячныя стокі ідуць у ваду, забруджваюць акаляючае асяроддзе. Тым больш, што побач з фермамі знаходзіцца рэспубліканскі заказнік Буслаўка.
Паводзіны і выказванні прыехаўшых да жыхароў Кабакоў выконваючага абавязкі начальніка сельгасупраўлення Алексея Жоўцікава, галоўнага ветурача раёна Генадзя Белавешкіна і старшыні сельвыканкама Валерыя Шупеніка сведчылі пра тое, што яны не думаюць пра ўзніклую праблему і яе вынікі. Яны, як сказаў старшыня сельвыканкама, павінны выканаць рашэнне зверху. На тое ён і выканаўчая ўлада, каб іх выконваць. Жоўцікаў упэўнены, што людзі, знішчыўшы свіней, не абяднеюць і выкруцяцца, маючы бульбу.
Людзі выказваліся вельмі эмацыйна, з натоўпу ляцела ненарматыўная лексіка. Ва ўсіх была агульная думка: як жыць далей пры заробках у бальшыні да паўтара мільёны, чым карміць дзяцей, як іх вучыць. Вяскоўцы абураліся адсутнасцю дэпутатаў, якіх не чутно і не відно.
Тым не менш, некаторыя пабілі свіней, некаторыя адвезлі ў бяспечныя вёскі, некаторыя напісалі заявы на дабраахвотную ўтылізацыю -- з 20 жніўня свіней будуць усыпляць і адвозіць на “Сарыю” на ўтылізацыю. Нязгодным працягнулі тэрмін да 29 жніўня. Але кампенсацыі тым, хто не напісаў заявы на дабраахвотную ўтылізацыю да 15 жніўня, не будзе.
Людзі чакаюць адказаў зверху. Ці ўдасца ім пераламіць сітуацыю, пакажа час.