Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Варшаве
Канферэнцыя з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі адбылася ў Варшаве. Гасцямі мерапрыемства былі еўрадэпутат Марэк Мігальскі, галоўны рэдактар “Хартыі’97” Наталля Радзіна, былы палітвязень Зміцер Бандарэнка, дырэктар праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі.
Беларусы з уласнага досведу распавялі пра сітуацыю з палітвязнямі, удзельнікі з Польшчы абмяркоўвалі палітыку Еўрапейскага Звязу адносна Беларусі.
Паводле еўрадэпутата Марэка Мігальскага, такі дзень вельмі важны для палітвязняў.
- Вельмі важна, каб яны ведалі, што мы пра іх памятаем. І гэта таксама напамін Лукашэнцы, што мы пра іх помнім. Дзякуючы такім акцыям салідарнасці, дзякуючы падтрымцы ўсёй Еўропы, яны маюць больш шанцаў годна гэта перажыць, а ўсе ў Беларусі маюць болей шанцаў, каб жыць у вольнай, дэмакратычнай краіне.
Завершыцца варшаўскі Дзень салідарнасці з палітвязнямі джазавым канцэртам Крысціны Гэдзік.