На Дзень салідарнасьці ў Маскве прэзэнтавалі кнігу «Справа Бяляцкага»
У Дзень салідарнасьці зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю ў Маскве наладзілі «круглы стол», фотавыставу, падпісвалі паштоўкі зьняволенаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які быў арыштаваны роўна 2 гады таму.
На
сустрэчу ў залю на тэрыторыі маскоўскага Дызайн-заводу «Флакон» прыйшло каля 50
чалавек – праваабаронцы зь Міжнароднай назіральнай місіі па правах чалавека ў Беларусі,
Моладзевага праваабарончага руху, палітолягі, журналісты, студэнты, прадстаўнікі
беларускай дыяспары ў Маскве.
У пачатку імпрэзы журналіст Свабоды Валер Каліноўскі прадставіў кнігу «Справа Бяляцкага»,
якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды», распавёў пра гісторыю яе
стварэньня, зачытаў урывак з разьдзелу пра арышт Алеся, зачытаў апошні ліст
Бяляцкага з Бабруйскай турмы:
«У мяне пакуль што ўсё збольшага па-старому. Неўзабаве будзе ўжо два гады майго
«навучаньня ў народным унівэрсытэце». Адна мая знаёмая пасьля першага году
пісала (яна праваабаронца зь Пецярбурга), што пасьля першага году час пойдзе
хутчэй. Яна не памылілася. Сапраўды, другі год праляцеў значна хутчэй за першы.
Ну і добра. Быў ён клопатны, але для мяне не пусты. Дзіўна, але пачуваю сябе на
сваім месцы», – напісаў Алесь 23 ліпеня.
Вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтру комплексных эўрапейскіх і міжнародных
дасьледаваньняў НДУ «Вышэйшая школа эканомікі»Андрэй Суздальцаў зазначыў, што два гады ў турме
– крытычны для вязьня час, пасьля іх у грамадзтве можа назірацца прывыканьне да
ягонага статуса зьняволенага.
У часе публічнай дыскусія на тэму «Ці стане Расея Беларусьсю?» прагучала шмат
параўнаньняў сытуацыі ў Беларусі і Расеі, ацэнак рэакцыі на іх
міжнароднай супольнасьці, парадаў, што рабіць грамадзянскай супольнасьці, каб
станоўча ўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў абедзьвюх краінах.
Андрэй Суздальцаў пры гэтым зазначыў, што ў Крамлі няма ілюзіяў наконт таго,
што ў Беларусі кіруе аўтарытарны рэжым, парушаюцца правы чалавека. Калі трэба,
там гатовыя ўзьняць гэтую тэму, як гэта здарылася ў 2010 годзе ў часе кампаніі
зь фільмамі «Хросны бацька», але рэальна паўплываць на сытуацыю ў Беларусі
Крэмль ня хоча, гэтаму можа паспрыяць толькі распаўсюд інфармацыі, – перакананы
спадар Суздальцаў.
Сябра Рады па правах чалавека пры Прэзыдэнце Расеі, кіраўнік Міжнароднай
назіральнай місіі па правах чалавека ў Беларусі Андрэй
Юраў распавёў пра
досьвед працы сваёй місіі, у якую ўваходзяць праваабаронцы з краін СНД. Місія
адсочвала самыя вострыя падзеі ў Беларусі пасьля сьнежня 2010 года, уздымала
голас пратэсту, і працягвае далей свой маніторынг падзеяў у Беларусі:
«Мы ня будзем згортваць сваёй дзейнасьці, прынамсі да таго часу, пакуль ня
зьнікнуць парушэньні, пакуль Алесь Бяляцкі ня выйдзе з турмы, ня стане
амбудсмэнам у Беларусі і сам не папросіць нас распусьціцца», – заявіў спадар
Юраў
Вялікая частка актывістаў гэтай місіі (больш за 10 чалавек) разам зь яе
лідэрамі Андрэем Юравым і Юрыем Джыбладзэ застаюцца неўязнымі ў Беларусь
дагэтуль.
Кіраўнік незалежнага дасьледчага цэнтру «Фрыдам Файлс» Вольга
Захарава казала
пра цяперашнюю нэгатыўную ролю Расеі як аб’яднальніка недэмакратычных рэжымаў,
што намагаюцца вярнуць міжнародную супольнасьць у сьвет да Хэльсынскіх
пагадненьняў. Гэтыя пагадненьні, дасягнутыя ў 1975 годзе, паставілі правы чалавека
вышэй за сувэрэнітэт дзяржаў.
Прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў Маскве казалі пра патрэбу паважлівага
стаўленьня з боку дэмакратычных сілаў Расеі да захаваньня незалежнасьці
Беларусі, адраджэньня яе мовы і культуры.
У рамках Дня салідарнасьці была адкрытая выстава фотаздымкаў беларускіх аўтараў
на праваабарончую тэматыку пад назвай «Салідарнасьць мацнейшая за рэпрэсіі».