Суд падтрымаў улады ў справе высялення жыхароў дома, што мае гістарычную каштоўнасць
Суд Ленінскага раёну Брэста адхіліў скаргу жыхароў дома №10 па вуліцы Астроўскага, які аспрэчвалі рашэнне гарвыканкама, што прызнаў гэты жылы будынак аварыйным.
Як лічыць жыхарка дома Валянціна Мальцава, падчас паседжання было заўважна, што суд улічваў толькі довады уладаў, а аргументы жыхароў не былі прынятыя да ўвагі. У прыватнасці, людзі, якія жывуць у гэтым доме, спрабавалі давесці, што будынак, які мае гісторыка-культурную каштоўнасць, не быў належным чынам даследваны наконт свайго аварыйнага стану. Пытанне пра раптоўнае і прымусовае высяленне жыхароў, якім замест кватэр у цэнтры горада ўлады прапануюць варыянты у аддаленых мікрараёнах, з’явілася пасля заключэння гарвыканкамам інвестыцыйнай дамовы з адной з камерцыйных фірм. “Безумоўна, мы будзем абскарджаваць вынесенае рашэнне ў абласным судзе, - паведаміла Валянціна Мальцава. – Аднак нам увесь час кажуць, каб не марнавалі грошы, бо усё роўна высяленне адбудзецца. Вельмі жудасна адчуваць, што ўлады, якія раней нічога не зрабілі , каб наш дом - як гістарыка-культурная каштоўнасць – падтрымліваўся ў належным стане, зараз без вагананняў прызнаюць яго аварыйным”.
Жыхары дома на вуліцы Астроўскага абяцаюць прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў справе адстойвання сваіх правоў.