БАЖ бярэ ўдзел у Міжнародным дні салідарнасці з грамадскай супольнасцю Беларусі
З гэтай нагоды ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіравала афіцыйны зварот на адрас кіраўніка Папраўчай калоніі №2, дзе ўтрымліваецца Алесь Бяляцкі.
У звароце на адрас кіраўніка бабруйскай калоніі ГА “БАЖ” адзначае, што, паводле атрыманай інфармацыі, нядаўна адміністрацыяй калоніі да зняволенага праваабаронцы былі прымененыя неабгрунтаваныя меры пакарання.
У прыватнасці, паводле рашэння кіраўніцтва калоніі, Бяляцкі быў пазбаўлены запланаванага на ліпень спаткання з жонкай, а таксама магчымасці атрымаць чарговую харчовую перадачу.
ГА “БАЖ” лічыць, што такія пакаранні з’яўляюцца ціскам на Алеся Бяляцкага і звязаныя з грамадзянскай пазіцыяй і асобай праваабаронцы, а не са здзейсненымі ім парушэннямі.
У сувязі з гэтым ГА “БАЖ” просіць адмяніць накладзеныя на Алеся Бяляцкага пакаранні і ў самы бліжэйшы час дазволіць праваабаронцу сустрэцца ў калоніі са сваёй жонкай Наталляй Пінчук.
Апроч гэтага, 4 жніўня, у Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, ГА “БАЖ” яшчэ раз праінфармавала ўсіх замежных партнёраў арганізацыі пра стан выканання ўладамі правоў чалавека ў Беларусі і правоў журналістаў.