Алеся Бяляцкага намінавалі на прэмію Вацлава Гавэла ў галіне абароны правоў чалавека
Больш
за 30 няўрадавых арганізацыяў Польшчы вылучылі Алеся Бяляцкага на прэмію
Вацлава Гавэла ў галіне абароны правоў чалавека. З такой ініцыятываю выступіў
польскі фонд Стэфана Баторыя.
Узнагарода Вацлава Гавэла ў галіне абароны правоў чалавека прысуджаецца адзін
раз на год Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы (ПАРЕ) у супрацы з Бібліятэкаю
Вацлава Гавэла і фондам «Charta 77». Прэмія мае падкрэсліць выключную дзейнасць
дзеячаў грамадзянскай супольнасці, якія працуюць у сферы абароны правоў
чалавека ў Еўропе і за яе межамі.
Упершыню абвесцілі пра прэмію сёлета 25 сакавіка ў Празе падчас цырымоніі
падпісання дакументаў аб супрацы паміж прэзідэнтам ПАРЕ Жанам-Клёдам Міннёнам (Jean-Claude Mignon), дырэктаркаю Бібліятэкі Вацлава Гавэла Мартаю Смолікавай (Marta Smolíková) і старшынём кіроўнага камітэту фонду «Charta 77» Францішкам Янохам (František Janocha). На цырымоніі
прысутнічаў таксама міністр замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг (Karel Schwarzenberg).
Прэмія Вацлава Гавэла ў галіне абароны правоў чалавека замяніла створаную ў
2007 годзе ўзнагароду за намаганні ў прасоўванні правоў чалавека, якая
прысуджалася Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы кожныя два гады: у 2009 годзе
ёй уганаравалі брытанскую арганізацыю «Human Rights Watch», а ў 2011 годзе –
расейскі Камітэт супраць катаванняў.
Тэрмін выстаўлення кандыдатураў
заканчваецца
Намінаваць на прэстыжную прэмію могуць асобы або няўрадавыя арганізацыі, якія
працуюць у сферы абароны правоў чалавека. Заяўкі з рэкамендацыямі прынамсі пяці
няўрадавых арганізацыяў мусяць быць скіраваныя генеральнаму сакратару
Парламенцкай асамблеі да 30 чэрвеня.
Імя пераможцы абвесцяць у канцы верасня. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 30
верасня ў Страсбуры на адкрыцці восеньскай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады
Еўропы. Лаўрэат атрымае дыплом, статуэтку і 60 000 еўраў.
Высілкі палітвязня дзеля абароны правоў
чалавека – заўважаныя
Кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, асуджанага ўладамі на
4,5 года турмы, вылучыў сёлета на Нобелеўскую прэмію міру нарвежскі дэпутат Ян Санэр (Jan Saner).
За апошні год Алеся Бяляцкага, які застаецца ў турме, шматкроць уганаравалі за
барацьбу за справядлівасць і правы чалавека, у тым ліку ўзнагародаю імя Пэтры Келі (Petra Kelly) і ўзнагародаю Леха
Валэнсы (Lech Wałęsa). Кіраўнік «Вясны» ўвайшоў
таксама ў лік лаўрэатаў прэміі парталу «Хартыя’97» за выбітныя дасягненні ў
галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.