Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч наведвае Беларусь з афіцыйным візітам
3 чэрвеня Міятавіч возьме ўдзел у семінары-трэнінгу для беларускіх журналістаў на тэму развіцця інтэрнэт-СМІ і анлайн-журналістыкі.
Падчас візіту Міятавіч сустрэнецца з высокапастаўленымі беларускімі
чыноўнікамі, уключаючы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і прадстаўнікоў
адміністрацыі прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага
суда і Міністэрства інфармацыі.
Запланаваныя таксама сустрэчы Міятавіч з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі
журналістаў і Беларускага саюза журналістаў, журналістамі, актывістамі
грамадзянскай супольнасці.
Нагадаем, апошні раз Дунья Міятавіч наведвала Беларусь у кастрычніку 2010 года.
Яна таксама хацела прыехаць у Мінск адразу пасля жорсткага разгону акцыі
пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. У
ліку соцень затрыманых падчас акцыі грамадзян былі і незалежныя журналісты, у
тым ліку Ірына Халіп і Наталля Радзіна.
Яны праходзілі як падазроныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і
ўтрымліваліся ў следчым ізалятары КДБ. Міятавіч двойчы звярталася з лістамі да
Сяргея Мартынава (ў той час — міністр замежных спраў Беларусі) з просьбай
дапамагчы арганізаваць яе візіт у Мінск, аднак рэакцыі на яе лісты не было.
Увесь гэты час Міятавіч неаднаразова крытыкавала афіцыйны Мінск за сітуацыю са
свабодай слова ў Беларусі і пераслед незалежных журналістаў.