Палецкіс: Даклад па Беларусі ў Еўрапарламенце абмяркоўвалі горача, эмацыйна
Абмеркаванне дакладу адбылося 30 траўня на паседжанні Камітэта па замежных справах Еўрапарламента ў Брусэлі.
У каментары БелаПАН аўтар справаздачы, дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс заявіў, што чакаў гарачай і эмацыйнай дыскусіі пры абмеркаванні. Так усё і было.
Нагадаем, даклад быў падрыхтаваны па выніках сакавіцкага візіту Юстаса Палецкіса ў Мінск і выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Пасля крытыкі еўрадэпутат прызнаў, што фармулёўка пра "паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека" ў справаздачы няўдалая і будзе змененая.
Самым важным і пазітыўным у сённяшнім абмеркаванні Палецкіс лічыць тое, што ўпершыню за дзевяць гадоў у Еўрапарламенце прайшла дыскусія не як рэакцыя на нейкія дрэнныя навіны з Беларусі, а як абмеркаванне шляхоў рашэння праблемы.
На паседжанні камітэта Палецкіс яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што ў падрыхтаваным ім дакладзе не гаворыцца пра зняццё санкцый з афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі. Ён прапанаваў зняць візавыя абмежаванні з аднаго-двух чыноўнікаў, якія маглі б паспрыяць наладжванню дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасюзам.
На працягу наступнага тыдня ў даклад па Беларусі можна будзе ўносіць праўкі. Дарэчы, спецдакладчык паведаміў, што ўжо атрымаў папраўкі да дакладу ад кіраўніцы беларускага Цэнтра прававой трансфармацыі Алены Танкачовай і ўлічыць іх.