viasna on patreon

У Менску маліліся за вяртаньне манастыра бэрнардзінцаў

2007 2007-03-20T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вечарам 19 сакавіка больш за 100 чалавек з запаленымі сьвечкамі ўзялі ўдзел у маленьні за вяртаньне манастыра бэрнардзінцаў з каьсцёлам менскай рымска-каталіцкай абшчыне сьвятога Іосіфа, што зарэгістравана ў Чырвоным касьцёле сталіцы.

Такім чынам у дзень сьвятога Іосіфа ля сценаў былога храму вернікі адзначылі другую гадавіну маленьняў за вяртаньне сьвятыні.

Паводле сяброўкі камітэту абшчыны Івоны Мацукевіч, зь 7 сакавіка сабрана больш за 3 тыс. подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртаньне вернікам помніка архітэктуры барока XVII стагодзьдзя, паведамляе Радыё Рацыя.

І. Мацукевіч заявіла, што ўлады "расьпялі наш касьцёл, як дзьве тысячы гадоў таму расьпялі Ісуса Хрыста".

— Мы не проста два гады молімся ля храму за яго вяртаньне вернікам, — кажа Мацукевіч. — Наша малітва сьведчыць: мы хрысьціяне, якім неабыякава, што ў нашым храме Садом і Гамора.

Паводле Мацукевіч, два гады таму начальнік аддзела па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцей Менскага гарвыканкаму Ала Рабіцава заявіла, што вернікі ня змогуць асіліць аднаўленьне сьвятыні.

— У зьвязку з гэтым, — сказала Мацукевіч у інтэрвію агенцтву БелаПАН, — улады плянуюць правесьці рэканструкцыю будынку касьцёлу ў канцэртную залю, дзе нам толькі калі-нікалі дазволяць выступіць.

Збор подпісаў пачаўся пасьля таго, як стала вядома аб планах Менгарвыканкаму перадаць будынак манастыра інвэстарам дзеля рэканструкцыі і прыстасаваньня пад гасьцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэньня. Манастырскі комплекс, узьведзены на сродкі дабрачынцаў, а не казны, канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расейскай імпэрыі пасьля падаўленьня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня супраць расейскага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У будынку былога храму дагэтуль размяшчаюцца архівы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства