У Сьвіслачы судзяць за ўшанаваньне памяці паўстанцаў
27 лістапада ў Сьвіслачы працягнуцца судовыя працэсы над дэмакратычнымі актывістамі Анатолем Валюком, Юры Глебікам і Віктарам Дзесяцікам.
27 кастрычніка яны бралі ўдзел ва ўшанаваньні
памяці паўстанцаў 1863 года. Супрацоўнікі міліцыі зьвінавацілі іх
ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
У гэтай справе ўжо асуджаны чатыры актывісты:
Станіслава Гусакова зь Віцебску і Алесь
Крот зь Менску, Вітольд Ашурка
зь Бярозаўкі атрымалі па 3 сутак арышту, гарадзенец Віталь
Лопасаў — штраф у памеры 3 мільёнаў рублёў.
Іх затрымалі ў дзень, калі адбывалася імпрэза.
27 кастрычніка ў Сьвіслачы людзі з розных гарадоў Беларусі традыцыйна
адзначалі памяць паўстанцаў Каліноўскага. З гэтае нагоды ўсклалі кветкі
на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму
і Рамуальду Траўгуту, наведалі радзіму Каліноўскіх — сядзібу
Якушоўка.
Актывістаў Алеся Кіркевіча і Сяргея Трафімчыка,
якія таксама бралі ўдзел ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў, выклікалі
ў міліцэйскія пастарункі па месцы жыхарства ў Горадні.
У іх узялі тлумачэньні, бо са Сьвіслачы прыйшоў рапарт
паводле якога яны бралі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Яны перакананыя,
што іх таксама чакае суд у Сьвіслачы.