У Магілёве актывіста БСДП (Грамады) не аднавілі на працы праз суд
30 кастрычніка, суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Валянціны Лапацінай адмовіў актывісту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Мікалаю Залознаму ў аднаўленні на працы.
Суддзя Лапаціна палічыла, што ўсе дысцыплінарныя спагнанні ў дачыненні да Мікалая Залознага ў апошнія месяцы ягонай працы правамерныя, як і само яго звальненне.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ў панядзелак будзе гатовы пратакол судовага пасяджэння, гэтаксама як і рашэнне суда.
“Пасля таго, як мы яшчэ раз азнаёмімся з гэтымі дакументамі, мы прымем рашэнне абскарджваць пастанову раённага суда ў абласным судзе ці не рабіць гэта”, - кажа Барыс Бухель.
Сам Мікалай Залозны кажа, што там дзе закон сутыкаецца з палітыкай, апошняя заўсёды перамагае.
“Маё звальненне палітычна матываванае. Суддзя не аднавіла мяне на працы, бо, не выключаю таго, што і ёй шапнулі на вушка, якое рашэнне неабходна прыняць у дачыненні да мяне”, - кажа актывіст БСДП.
Нагадаем, што Мікалай Залозны працаваў слесарам у адным з інтэрнатаў Магілёва. Пасля таго, як падчас выбарчай кампаніі ён увайшоў у склад ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты ад БСДП (Грамады) Леаніда Падбярэцкага ў яго пачаліся непрыемнасці на працы.
Ягоны начальнік Павел Шышоў прымусіў яго пісаць тлумачальную запіску з нагоды таго ў якой апазіцыйнай партыі ён знаходзіцца. Пасля гэтага Мікалая Залознага некалькі разоў дэпрэміравалі. На яго амаль штодзённа пісалі дакладныя. У выніку ў яго знялі ўсе даплаты і перавялі працаваць на іншае аб’ект. Падпісаць новы кантракт, які меў значна горшыя ўмовы працы, Залозны адмовіўся, пасля чаго ён быў звольнены.