viasna on patreon

Сяргей Каваленка. 280 дзён за кратамі

2012 2012-09-27T21:44:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У сераду ўвечары актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка быў вызвалены з Магілёўскай калёніі і ўначы прыехаў дадому ў Віцебск. Ён быў за кратамі 280 дзён. Трымаў працяглыя галадоўкі пратэсту.

Пасьля памілаваньня палітвязень Сяргей Каваленка вярнуўся ў сям’ю. Сёньня апоўначы ў Віцебску яго сустрэлі родныя, жонка Алена, дачка і сын. Бяссонная ноч прайшла ў размовах. Пасьля кароткага адпачынку Сяргей Каваленка даў інтэрвію Радыё Свабода

Інтэрвію Свабодзе: Турма мяне не зламала і не зьмяніла

Перад гэтым ён дастаў і павесіў на сьцяне бел-чырвона-белы сьцяг.

12.00 Сяргей Каваленка паведаміў Радыё Свабода, што фізычна адчувае сябе добра.

«Учора мяне выпусьцілі а 20-й гадзіне, давезьлі да цягніка, пасадзілі на цягнік на Віцебск. У 23.50 я быў у Віцебску, мяне сустрэлі родныя: сын, брат. Я быў вельмі рады. Мы прыехалі дахаты і доўга размаўлялі пра ўсё. Спаць паклаўся толькі пад самую раніцу», — паведаміў Сяргей Каваленка нашаму радыё і пагадзіўся даць першае інтэрвію на волі Радыё Свабода.

У  чэрвені Сяргей Каваленка падпісаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Паводле вязьня, гэта адбылося пасьля шматлікіх размоваў з супрацоўнікамі адміністрацыі і ціску, які выявіўся ў прычэпках і спагнаньнях, у тым ліку ў пакараньні карцэрам. «У прашэньні Сяргей выклаў толькі просьбу яго памілаваць, больш нічога. Відаць, такі тэкст некага наверсе не задаволіў, і ад яго сталі патрабаваць прызнаньня віны. А калі Сяргей адмовіўся, зноў кінулі ў карцэр», — патлумачыла Радыё Свабода  Алена Каваленка.

Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка адбываў год і месяц зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця «хатняй хіміі», якую атрымаў пасьля вывешваньня нацыянальнага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе. Трымалі яго ў ў Магілёўскай калёніі. Быў арыштаваны 22 сьнежня 2011 году.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства