Паводле рашэньня суда, недзяржаўная грамадзка-палітычная газета «Витебский курьер М» абавязана вызваліць памяшканьне, якое арандуе ў ААТ «Элсан»
10 студзеня суддзя Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці Вольга Гаціла задаволіла зыск арэндадаўцы віцебскага прадпрыемства «Элсан» да заснавальніка газеты ЗАТ «Выдавецкі дом «Витебский курьер» з патрабаваннем прызнаць дамову аб арэндзе памяшкання «нікчэмнай». Суд абавязаў рэдакцыю газеты пакінуць памяшканне цягам 10 дзён пасля набыцця судовым рашэннем юрыдычнай сілы.
“Я не задаволеным рашэннем суда, лічу, што яно павінна быць супрацьлеглым. На маю думку, неабходна падаваць апеляцыйную скаргу”, – выказаў свае меркаванне прэс-службе БАЖ юрыст Дзмітрый Вікрацкі, які абараняў у судзе інтарэсы “Витебского курьера”.
“Суд агучыў рашэнне без матывіровачнай часткі. Ён проста канстатаваў факт, што задавальняе патрабаванне зыскоўцы, і «Витебский курьер М» павінен вызваліць памяшканне, таму складана каментаваць гэтае рашэнне суда. Матывіровачная частка – чаму суд прыняў доказы з боку ААТ “Элсан” і не прыняў нашыя – будзе падрыхтавана на працягу 5 дзён. Тады, магчыма, нешта будзе зразумела”, – паведаміў Дз.Вікрацкі.
“Мы не згодны з рашэннем, якое прыняў Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці і намераны падаваць апеляцыю ў вышэйстаячую інстанцыю”, – пракаментавала вынікі судовай справы Жанна Папова, дырэктар ЗАТ «Выдавецкі дом «Витебский курьер».
Нагадаем, на пачатку снежня 2006 года кіраўніцтва ААТ “Элсан” паведаміла рэдакцыі “ВК”, што тэрмінова скасоўвае дамову арэнды, якую заключыла з з газетай за два месяцы да гэтага, і патрабавала вызваліць памяшканне за двое сутак. Хоць, згодна з умовамі дамовы, памяшканне было арэндаванае тэрмінам да 31 жніўня 2007 года.
“У сувязі з парушэннямі заканадаўства, дапушчанымі пры заключэнні дамовы... а менавіта – адсутнасці ўзгаднення Адміністрацыі раёна аб размяшчэнні суб’екта гаспадарання на тэрыторыі Першамайскага раёна г.Віцебска..., дамова... з’яўляецца несапраўднай”, – сцвярджалася ў лісце за подпісам дырэктара прадпрыемства В.Дзмітрычэнкі.
Рэдакцыя, якая толькі напрыканцы кастрычніка пераехала ў новы офіс, адмовілася выконваць патрабаванне. Пасля чаго арэндадаўца звярнуўся ў суд.
За 2006 год гэта другая па ліку адмова ў арэндзе памяшкання рэдакцыі газеты “Витебский курьер М”, паведаміла прэс-служба БАЖ.