Пасьля 6 месяцаў арышту астравецкі грамадзка-палітычны актывіст і праваабаронца Іван Крук выйшаў на волю
Нагадаем, што ён быў асуджаны 10 чэрвеня 2006 году за нібыта гвалтоўны супраціў супрацоўнікам міліцыі пад час вышуку ў сваёй кватэры. З Глыбоцкай калоніі Крука адпусьцілі раніцай 10 студзеня, на гадзіну раней прызначанага тэрміну. Таму сябрам і паплечнікам, якія прыехалі забраць яго ў Глыбокім, зрабіць гэта не ўдалося. Івана Крука вывезьлі за 50 кіламэтраў і выпусьцілі ў Пастаўскім раёне, адкуль ён быў змушаны дабірацца дамоў у Астравец самастойна. У размове з карэспандэнтам нашага сайту Іван Крук падкрэсьліў, што пад час зьняволеньня яму вельмі дапамагала зьнешняя падтрымка людзей, якія дасылалі яму шматлікія лісты і паштоўкі. Па словах экс-палітычнага вязьня фізычна ён адчувае сябе някепска, турбуе толькі сьпіна, якая баліць. Гэта, з-за таго, кажа Іван Крук, што ў камерах зьняволеным днём не дазваляюць ляжаць, а сядзець цэлы час вельмі цяжка. Астравецкі актывіст і надалей мае цьвёрды намер дамагацца справядлівасьці, Іван Крук гаворыць, што, крыху адпачыўшы, неўзабаве будзе дасылаць у розныя інстанцыі скаргі і заявы.