viasna on patreon

“Брашуру, прысвечаную Бяляцкаму, яму ў рукі не далі. Паказалі здалёк”

2012 2012-09-18T09:32:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Еўрарадыё: Ужо больш за год Алесь Бяляцкі застаецца за кратамі. Кім яго замянілі на пасадзе віцэ-старшыні Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH)?

Саша Кулаева: Алесь з’яўляецца дзеючым сябрам міжнароднага праўлення FIDH. Мы не лічым яго месца ні вакантным, ні не занятым. Я шчыльна лістуюся з ім, і шмат хто з маіх калег таксама. Вядома, ён не можа працаваць так, як да арышту, і шмат якія пытанні мы не можам абмяркоўваць. Але мы прынцыпова не лічым магчымым замяняць яго на яго пасадзе.

Еўрарадыё: Ці ўсе вашы лісты даходзяць да Алеся?

Саша Кулаева: У ліставанні здараліся працяглыя паўзы. Складана сказаць, у чым менавіта цэнзары бачылі праблему: у маіх лістах ці ў адказах Алеся. Але, з большага, лісты ідуць рэгулярна: я пішу, і ён адказвае. Вядома, шмат якія працоўныя пытанні мы абмяркоўваць не можам. Пішам, улічваючы, што і пытанне, і адказ будаць прачытаныя. Мы хочам, каб лісты даходзілі, і таму не абмяркоўваем тое, праз што ліставанне могуць перапыніць.

Еўрарадыё: Можа, атрымлівалася што-небудзь перадаць Бяляцкаму?

Саша Кулаева: Так, часам мы спрабавалі дасылаць нешта большае, чым проста лісты. Кнігі, бюлетэні. Дарэчы, мы выпусцілі вялікую, на трох мовах, брашуру, прысвечаную Алесю. Там апавядаецца пра яго, шмат яго партрэтаў. Там пра гісторыю “Вясны” і яе праваабарончую дзейнасць. Ведаю, што Алесю гэтую брашуру ў рукі не далі, але паказалі здалёк. Ну, дзякуй і на тым: усё ж ён ведае, што яна ёсць.

Еўрарадыё: Давайце абмяркуем шансы Бяляцкага атрымаць прэмію Сахарава. Канкурэнцыя вялікая. Да таго ж, у шорт-лісце ёсць Pussi Riot, якія з’яўляюцца медыйнай бомбай, нават знаходзячыся за кратамі…

Саша Кулаева: Шансы ёсць. Аўтарытэт Алеся на міжнародным узроўні вельмі вялікі. Думаю, у беларускім грамадстве нават не ўяўляюць, наколькі значную і шырокую праваабарончую дзейнасць ён вядзе. Алесь Бяляцкі ездзіў у ахоплены міжэтнічнымі сутыкненнямі Кыргызстан улетку 2010 года. Быў ад імя нашай федэрацыі ў Тунісе, у Егіпце. Нават на Кубе ў складзе міжнароднай місіі, што само па сабе вышэйшы пілатаж.

Але трэба разумець, што людзі, якія даюць гэтую прэмію, кіруюцца не толькі непасрэдна заслугамі нейкага чалавека ці арганізацыі. Ёсць жа і іншыя фактары. Напрыклад, геаграфічная раўнавага. Апошнім часам беларусы атрымалі дзве прэміі Сахарава амаль запар [“Беларуская асацыяцыя журналістаў” у 2004 годзе і Аляксандр Мілінкевіч у 2006 годзе. ― Еўрарадыё]. Зразумела, што гэта можа панізіць шансы Бяляцкага, бо Еўрапарламент не можа ўзнагароджваць прэміяй толькі беларусаў.

Еўрарадыё: Лагічна.

Саша Кулаева: Таксама ўплывае і тое, што сітуацыя ў Беларусі зараз адназначна ацэненая міжнароднай супольнасцю. А гэтая прэмія часам разглядаецца як спосаб асудзіць тое, што адбываецца ў той ці іншай краіне, падтрымаць тых, хто змагаецца супраць абставінаў. У гэтым сэнсе кандыдатура Pussy Riot можа мець большы поспех, бо гэта магчымасць выказаць стаўленне да палітычных рэпрэсіяў у Расіі, якія апошнім часам узмацніліся. А міжнародная супольнасць пакуль не вельмі паслядоўна асуджае гэтую тэндэнцыю. Асуджае, але… мякка, улічваючы палітычную вагу Расіі.

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што ўжо само ўключэнне Бяляцкага ў шорт-ліст прэміі Сімвалізуе сігналізуе аб стаўленні Еўрапарламента да яго зняволення.

Саша Кулаева: На жаль, беларускім уладам вельмі проста праігнараваць і гэты шорт-ліст, і нават уручэнне Алесю Бяляцкаму прэміі. Гэта нават прадказальна. Беларусь сістэматычна адмаўляецца падпарадкоўвацца нават рашэнням Камітэта па правах чалавека ААН, які дзейнічае па дамовах, падпісаных Беларуссю, і ў якім ёсць афіцыйнае прадстаўніцтва Беларусі. Ды і пры ААН працуе беларуская дэлегацыя, і не малая. І гэта пры тым, што дакументы, падпісаныя ў межах ААН, з’яўляюца для Беларусі абавязковымі, а не носяць рэкамендацыйны характар.

Еўрарадыё: Ці ёсць у Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека кропкі ўзаемадзеяння з Еўрапарламентам па пытанні прэміі Сахарава?

 Саша Кулаева: У нас ёсць прадстаўніцтва ў Брусэлі, і мы вельмі пільна сочым, каб Алесь і яго справа не былі забытыя ці адсунутыя на другі план. Але, разумееце, усе кандыдаты на прэмію Сахарава маюць сур’ёзны ўзровень, і іх дзейнсаць заслугоўвае падтрымкі. Тым больш, што, на жаль, не адзін з гэтых кандыдатаў зараз зняволены… А мы ведаем з досведу, што прэмія вельмі важная для чалавека, які сядзіць за кратамі. Яна ўплывае і на стаўленне да яго іншых вязняў і персаналу ў самой калоніі, і на ўказы “зверху”. Мы ведаем гэта, але нам вельмі складана лабіраваць тую ці іншую кандыдатуру, бо ахвяраў несправядлівага суда шмат.

Еўрарадыё: Такім чынам, лабіраванне кандыдатуры Алеся Бяляцкага адбываецца ўскосна, праз акцыі падтрымкі, што час ад часу праходзяць па ўсім свеце?

 Саша Кулаева: За 2 месяцы да затрымання мы сустракаліся з Алесем у Парыжы на пасяджэнні праўлення FIDH. Алесь добра разумеў, што яго арыштуюць, бо атрымаў абсалютна адназначныя сігналы, якія правільна зразумеў. Але ён сказаў мне, што ад’езд з краіны не абмяркоўваецца, што ён ні ў чым не вінаваты, і таму вернецца ў Беларусь. Гэта чалавек, які 15 гадоў аддаў барацьбе за правы сваіх суайчыннікаў, ён заслугоўвае прэміі. Але гэта не азначае, што іншыя праваабаронцы яе не заслугоўваюць. А журы прэміі так ці інакш мусіць выбраць аднаго. Таму я хачу падкрэсліць: нават калі Алесь Бяляцкі і не атрымае прэмію Сахарава, гэта не будзе сведчыць пра тое, што ён не варты яе.

Дарэчы, сёлета Алесь вылучаны на шэраг міжнародных прэмій, у тым ліку і на Нобелеўскую прэмію. Я ўпэўненая, што, так ці інакш, яго заслугі будуць ацэненыя.

 Даведка Еўрарадыё. Саша Кулаева ― кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Саша добра знаёмая з Алесем Бяляцкім і ўзаемадзейнічае з ім у шматлікіх міжнародных праваабарончых ініцыятывах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства