viasna on patreon

Юрысты “Вясны”: новы “крэатыў” ад супрацоўнікаў міліцыі

2012 2012-09-12T11:38:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bielaruskaja_milicyja1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Даўно ўжо перасьлед актывістаў дэмакратычных грамадзкіх арганізацый у выглядзе адміністрацыйных справаў стаўся для праваабаронцаў  “нормай жыцьця”: амаль штодзень нехта патрапляе ў суды. Асабліва непакоіць праваабаронцаў стабільнае пакараньне актывістаў і ўдзельнікаў мірных акцый за “дробнае хуліганства” (арт.17.1 КаАП). Гэтая практыка актыўна пачала выкарыстовацца з 2006 года, калі тысячы людзей за кароткі час арыштоўваліся па сфабрыкаваных пратаколах: іх абвінавачвалі ў “лаянцы” і “спраўленьні патрэбаў у грамадзкіх месцах”.  Практыка працягнулася да канца 2008 года, спынілася на час “лібэралізацыі” і актывізавалася зноў з пачатку 2011 года. За апошнія паўтары гады больш за 200 актыўных людзей выпрабавалі на сабе “справядлівасьць” судовых працэсаў па гэтым артыкуле.

Праблема сфабрыкаваных пратаколаў па артыкуле 17.1. Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях выяўляе шэраг працэсуальных нюансаў у сучаснай судавытворчасьці. Але асноўны момант, на які заўжды зьвярталі ўвагу праваабаронцы і адвакаты ў такіх працэсах – гэта прэзумпцыя даверу судоў супрацоўнікам міліцыі ў іх паказаньнях і адсутнасьць “пацярпелых” (звычайных грамадзянаў, чый спакой быў парушаны так званым “хуліганствам”).  Безумоўна, усе заўвагі судамі ігнараваліся, апраўдальныя рашэньні былі выключэньнямі (усяго 6 у нашай практыцы за апошні год), але нечакана нядаўнія 2 адміністрацыйныя працэсы зьдзівілі сваёй навацыяй – у дадатак да сьведак-міліцыянтаў зьявіліся “сьведкі”- беспрацоўныя, якія падцьвярджалі факты  лаянкі, пра што варта напісаць падрабязьней.

Так, 22 жніўня 2012 г. у Менску быў затрыманы намесьнік старшыні “Маладога Фронту” Мікалай Дземідзенка, якога стандартна абвінавацілі ў лаянцы. На наступны дзень у судзе Фрунзенскага р-ну Менску акрамя сьведак-супрацоўнікаў міліцыі Жарскага і Ажыгава, падчас працэсу выступаў сьведка Рыкаў Барыс Уладзімеравіч, беспрацоўны, 1960 года нараджэньня. Апытваў яго ўчастковы інспектар міліцыі Дубоўскі М.М. У пратаколе апытаньня, як і ў судзе, было адзначана, што гэты грамадзянін чакаў аўтобус дадому і “прыблізна ў гэты час я пачуў, як нейкі хлапец прыблізна 25-ці гадоў стаў выказвацца гучна нецэнзурнай лаянкай на грамадзян, якія стаялі на прыпынку, пасьля чаго я пабачыў, што да яго падышлі двое маладых хлапцоў у грамадзянскай вопратцы, якія папрасілі не выказвацца нецэнзурна і весьці сябе культурна, на што ён адказаў ім нецэнзурна, а таксама паслаў іх падалей, пры гэтым адпіхваў іх ад сябе. Як надалей я зразумеў, гэта былі супрацоўнікі міліцыі, паколькі яны яму прадставіліся і паказалі пасьведчаньне, але ў адказ на гэта ён зноў выказаўся нецэнзурна. Да мяне падышоў адзін з міліцыянтаў, які запытаў, ці чуў я нецэнзурную лаянку, на што я адказаў, што так, і пасьля гэтага назваў свае дадзеныя. Пасьля чаго яны мяне папрасілі прайсьці зь імі ў міліцыю”. Варта толькі заўважыць, што ў судзе на ўсе дадатковыя пытаньні дадзены сьведка адказваў “ня памятаю”.

Аналягічная сытуацыя адбылася і ў судзе Кастрычніцкага раёна Менску 31 жніўня 2012 года падчас судовага працэсу над актывістам сацыяльных сетак Паўлам Еўціхіевым, калі падчас паседжаньня былі агучаныя паказаньні сьведкі Барабанава Дзьмітрыя Ўладзімеравіча, 1982 года нараджэньня, знаходзіўся ўжо ў пакоі Кастрычніцкага РУУСа, куды зайшоў Павал і “пачаў на ўсіх лаяцца”. Пры гэтым не зраузмела, у якім статусе дадзены “сьведка” знаходзіўся ў пакоі супрацоўнікаў міліцыі і чаму яго не апыталі ў судовым паседжаньні.

Аб’ектыўна, пры факце зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага правапарушэньня, зьвязанага з парушэньнем грамадзкага парадку, звычайная мусяць быць сьведкі-грамадзяне акрамя супрацоўнікаў міліцыі (бо калі абражаюць толькі іх – гэта іншы склад адміністратыўнага правапарушэньня, хаця і з такімі ж санкцыямі). Зьяўленьне “звычайных” сьведкаў у такіх працэсах можна будзе адзначыць як станоўчую і справядлівую зьяву. Аднак, зьвяртаем увагу, што складаньне сфабрыкаваных пратаколаў з боку супрацоўнікаў міліцыі можа пацягнуць для іх і крымінальную адказнасьць, а для такіх сьведкаў-грамадзянаў кшталту Рыкава Б.У. і Барабанава Дз.Ў., акрамя адміністратыўнай адказнасьці за хлусьлівыя паказаньні,– саўдзел у крымінальным злачынстве.

Патрэбна дадаць, што праваабаронцы зусім нядаўна звярталіся ў Генеральную пракуратуру і да старшыні Вярхоўнага Суда са зваротам аб праблеме прэвентыўных затрыманьняў грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў моладзевых апазіцыйных груп, а таксама з прыцягненьнем іх да адміністрацыйнай адказнасьці. Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый прасілі аб  сустрэчы з мэтай абмеркаваньня сітуацыі з незаконнымі прэвентыўнымі затрыманьнямі грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў моладзевых апазіцыйных груп, спыненьня гэтай незаконай практыкі і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці.  Аднак Генеральная пракуратура ўхілілася ад прапановы праваабаронцаў, паколькі не бачыць у гэтым аніякай праблемы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства