ААН разгледзіць скаргу на забарону пікетаў за свабоду Алеся Бяляцкага
Гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка 1 верасня атрымалі з Камітэту ААН па правах чалавека паведамленне аб тым, што іх скаргі на забарону у абласным цэнтры пікетаў, прымеркаваных да арышту Алеся Бяляцкага, кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), прынятыя Камітэтам да разгляду. Пра гэта паведамляе сайт "Гомельскай вясны"
Паводле атрыманых карэспандэнцыяў, скаргі праваабаронцаў зарэгістраваныя і накіраваны ўраду Беларусі для выказвання афіцыйнай пазыцыі беларускага боку адносна парушэнняў правоў, пра якія гаворыцца ў скаргах.
Нагадаем, што 4 жніўня 2011 года, у дзень арышту Алеся Бяляцкага, праваабаронцы звярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам па дазвол на правядзенне ў абласным цэнтры серыі пікетаў з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці на палітычны арышт і змяшчэнне пад варту свайго калегі. Гарадскія ўлады пікеты не дазволілі. Усе суды (раённы, абласны, Вярхоўны), дзе абскардзілі гэтае рашэнне праваабаронцы, сталі на бок уладаў.
У скарзе ў Камітэт па правах чалавека ААН заяўнікі звяртаюць увагу, што ў амаль 500-тысячным горадзе Гомелі ўлады вызначылі толькі адно месца для правядзення пікетаў і мітынгаў, а за правядзенне мірных сходаў грамадзяне, згодна з рашэннем гарвыканкама, павінны яшчэ і заплаціць - міліцыі, хуткай дапамозе і камунальным службам. Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка лічаць, што Беларусь не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы, паколькі нацыянальны закон «Аб масавых мерапрыемствах» утрымлівае двухсэнсоўныя і расплывістыя нормы, якія могуць трактавацца і тлумачыцца па-рознаму.
- У тым выпадку, калі б мы прытрымліваліся літары нацыянальнага закона аб мірных сходах, а таксама сталі выконваць рашэнне мясцовых уладаў аб правядзенні мірных сходаў грамадзян у адзіным вызначаным месцы правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Гомелі, правядзенне планаваных з нашага боку мірных сходаў губляла б ўсялякі сэнс, паколькі асноўнай іх мэтай з'яўлялася прыцягненне ўвагі грамадскасці да палітычнага арышту вядомага праваабаронцы. Які сэнс у правядзенні такога мерапрыемства ў малалюдным мікрараёне на ўскраіне горада! - заявіў Леанід Судаленка.
- Мы разлічвалі на тое, што скарга будзе зарэгістраваная ў ААН. Такім чынам, у гадавіну арышту нашага калегі Алеся Бяляцкага мы яшчэ раз нагадваем міжнароднай супольнасці і пра палітычны пераслед, і пра фактычнае табу на выказванне свайго меркавання і на мірныя сходы ў Беларусі, - падвёў рысу Анатоль Паплаўны.
Праваабаронцы просяць Камітэт ААН па правах чалавека не толькі ўстанавіць факт парушэння іх правоў з боку дзяржавы, але таксама рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці нацыянальнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі.