Суд у Жодзіна вынес адмоўнае рашэньне па скарзе аб забароне мірнага сходу
29 жніўня ў Жодзінскім гарадзкім судзе пад старшынствам суддзі Грынкевіча завяршылася судовае паседжаньне па скарзе праваабаронцаў Аляксея Лапіцкага і Сьвятланы Лапіцкай на рашэньне Жодзінскага выканкаму па забароне заяўленага на 4 жніўня масавага мерапрыемства ў Жодзіне ў падтрымку палітвязьняў Беларусі і асуджанага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
У працэсе спрэчак у гэты дзень з пісьмовай заяваю выступіла прадстаўніца зацікаўленага боку Вольга Вергель, якая чарговы раз паўтарыла абставіны справы і матывіроўкі, якія былі скарыстаныя выканкамам, каб забараніць замоўленае масавае мерапрыемства.
Суд вынес адмоўнае рашэньне па скарзе праваабаронцаў. Пасьля азнаямлення з матывіровачнай часткай судовага рашэньня, заяўнікі будуць аспрэчваць пастанову ў касацыйным парадку.