У Смаргоні судзяць удзельнікаў акцыі ў гонар Расціслава Лапіцкага (дадаецца)
У нядзелю 2 верасня раніцай ў Смаргоні грамадскасьць адзначала чарговыя ўгодкі з дня нараджэньня кіраўніка Смаргонска-Вілейскага незалежніцкага падпольля Расьціслава Лапіцкага расстралянага Саветамі ў 1950 годзе.
Пад час святкаваньня мясцовы мастак Валянцін Варанішча, а таксама Уладзімір Шульжыцкі разам з сябрамі суполкі «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў Генадзем Драздовым, Алесем Цыркуновым і Алесем Пушкіным наведалі праваслаўны храм, дзе асьвяцілі чатыры партрэты Лапіцкага, створаныя Пушкіным.
Пад час выстаўлення карцін у гарадскім парку, да мастакоў падышлі два супрацоўнікі міліцыі ў форме. Удзельнікі акцыі прастаялі там каля паўгадзіны і пакрочылі з карцінамі ў бок дома Валянціна Варанішчы, адначасова раздаючы мінакам буклеты аб Лапіцкім. Затым адбылося затрыманьне.
Як паведамляюць мясцовыя праваабаронцы, на ўдзельнікаў акцыі памяці складзеныя пратаколы, зараз ідзе суд.
12-40. Першай разглядалася адміністрацыйная справа Генадзя Драздова. Ён запатрабаваў адваката, і з гэтай прычыны разгляд ягонай справы перанесьлі на 11 верасьня.
Драздоў распавёў «Свабодзе», што ў знак незаконнага арышту ўчора ўсе затрыманыя абвясьцілі галадоўку.
Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасьня 1928 году ў вёсцы
Касута Вялейскага раёну. Расстраляны 28 кастрычніка 1950 году за тое,
што ў пасьляваенны час стварыў моладзевую падпольную арганізацыю, якая
распаўсюджвала лістоўкі, скіраваныя супраць Сталіна і бальшавіцкай улады.