Бяляцкі ня выведзены з шэрагу «злосных парушальнікаў»
Жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук расказала «Свабодзе», што днямі быў атрыманы адказ з упраўленьня Дэпартамэнту пакараньняў па Магілёўскай вобласьці на скаргу, накіраваную ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі.
У гэтай скарзе зьвярталася ўвага на строгасьць
і несувымернасьць пакараньня зь цяжкасьцю апошняга парушэньня, якое
быццам бы зьдзейсьніў зьняволены, і выказвалася просьба скасаваць яго
або замяніць на менш строгае.
У выніку накладаньня новага спагнаньня і па сукупнасьці
папярэдніх Алесь Бяляцкі пераводзіўся ў лік «злосных парушальнікаў»,
пазбаўляўся доўгатэрміновага спатканьня, яму скарацілі гранічную суму грашовых
пераводаў з 500 тысяч да 100 тысяч рублёў штомесяц.
Трэцяе спагнаньне праваабаронца атрымаў 1 чэрвеня за тое, што «спаў
у адзеньні на сваім спальным месцы». У сваім тлумачэньні Бяляцкі
спаслаўся на стомленасьць, кепскі стан здароўя і на тое, што
напярэдадні, 31 траўня, ён зьвяртаўся да тэрапэўта калёніі (што
афіцыйна задакумэнтавана, а копія прыкладзеная да скаргі), дзе яму
прапісалі лекі: каптапрыл, валерыяна, гліцын, дыкляфэнак. Усе гэтыя лекі
правакуюць санлівасьць або наўпрост, або ў якасьці пабочнага дзеяньня.
Гэта пацьвярджае афіцыйная агульнадасяжная інфармацыя пра іх.
Разам з тым у адказе з упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня
пакараньняў па Магілёўскай вобласьці напісана наступнае: «Спагнаньне
ў выглядзе пазбаўленьня чарговай працяглай сустрэчы накладзена правамерна
і адпавядае цяжкасьці дапушчанага парушэньня». На іх думку,
«учыненае правапарушэньне са станам здароўя і прыёмам лекаў
не зьвязана, а ёсьць мэтанакіраваным парушэньнем парадку дня». Там
сьцьвярджаюць, што асуджаны ў той дзень і напярэдадні
па мэдычную дапамогу не зьвяртаўся і прызначаныя яму раней
прэпараты не адносяцца да групы транквілізатараў, псыхатропаў
і не аказваюць снатворнага ўзьдзеяньня.
Такі адказ, на думку спадарыні Натальлі, не пакідае сумневу
ў тым, што Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў ігнаруе відавочныя апраўдальныя
для Алеся Бяляцкага факты і такім чынам падтрымлівае ціск
на асуджаных, які практыкуецца ва ўстановах папраўчага тыпу.