Слуцк: Абласны суд разгледзіць скаргу па скандальнай справе пра рыдлёўкі
На 6 жніўня ў Менскім абласным судзе прызначаны разгляд касацыйнай скаргі грамадскай актывісткі Зінаіды Цімошак.
Нагадаем, 29 траўня суд Слуцкага раёна абавязаў Зінаіду Цімошак выплаціць дэпутатам 2 мільёны 800 тысяч рублёў за маральны ўрон. Апроч гэтага, згодна з рашэннем суда, актывістка павінна заплаціць і дзяржпошліну — 420 тысяч рублёў.
Падставай для зыску дэпутатаў райсавету стала “знявага іх гонару і годнасці” на суботніку, арганізаваным Зінаідай Цімошак. 1 кастрычніка 2011-га на старых могілках у Слуцку для запрошаных дэпутатаў нехта выставіў рыдлёўкі. На чаранках былі прымацаваныя таблічкі з надпісамі імёнаў і прозвішчаў дэпутатаў. Звонку гэтыя рыдлёўкі і сапраўды выглядалі як крыжы.
Зінаіда Цімошак не прызнала сябе вінаватай і запэўніла, што не мае дачынення да “імянных” рыдлёвак для дэпутатаў.
Вядома, што рыдлёўкі-крыжы прывезлі ў Слуцк актвыісты кампаніі “Наш дом”. Пасля скандалу Зінаіда Цімошак выйшла з кампаніі. Яна абскардзіла рашэнне Слуцкага суда, прынятае суддзёй Святланай Пастуховай.