Башарымаву прад’явілі абвінавачванне
Ён падазраецца ў «дапамозе незаконнаму перасячэнню мяжы Рэспублікі Беларусь».
Паводле Charter97.org, сталічнаму рыэлтару Сяргею Башарымаву 16 ліпеня прад’явілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 371 КК «Незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь». Пацвярджэння інфармацыі пра абвінавачванне Башарымаву з афіцыйных крыніц пакуль няма.
Арганізатар палёту медзведзіроўшчыка швед Кромвэл заявіў, што з Башарымавым кантактаваў толькі ў справе зняцця кватэры ў Мінску. Насамрэч, Башарымаў займаўся здачай у арэнду ў тым ліку адной з кватэр насупраць Адміністрацыі прэзідэнта. У той жа час Кромвэл заяўляў, што ў Мінску ў іх напагатове быў чалавек, гатовы сфатаграфаваць скіданне мядзведзікаў. Магчыма, беларускія спецслужбы мяркуюць, што гэтым чалавекам мог быць Башарымаў.
Шведы, у сваю чаргу, ручаюцца, што ажыццявілі сваю акцыю без падтрымкі беларусаў, бо не хацелі падстаўляць іх пад удар. Хто афармляў запрашэнні для шведаў, каб яны маглі аформіць візы? Кромвэл кажа, што гэта было тое самае рыэлтарскае агенцтва Башарымава.
Абсурднасці сітуацыі дадае той момант, што беларускія ўлады дагэтуль не прызналі факту скідання мядзведзікаў. І, тым не менш, адначасова расследуецца крымінальная справа.
Сваім палётам група шведаў хацела звярнуць увагу на парушэнні свабодаў чалавека ў Беларусі. Ім гэта ўдалося. А новыя арышты ў Мінску выклічуць новую хвалю публікацый у сусветных СМІ.
Сяргею Башарымаву пагражае суровае пакаранне — ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.