Следчы камітэт пакрывае міліцыянтаў-катаў?
Бацькі затрыманага па падазрэнні ў крадзяжы Паўла Плаксы, які зараз знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА, атрымалі адказ на свае шматлікія скаргі па фактах катаванняў іх сына супрацоўнікамі Ленінскага РУУС Менска. Следчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Па заявах, накіраваных бацькамі ў Пастаянную камісію ПП НС РБ па правах чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі, Генеральнаму пракурору, пракурору Ленінскага раёна г. Менска, а таксама па дзвюх заявах ад самога Паўла Плаксы была праведзена праверка. Пра гэта паведамляецца ў адказе з Ленінскага раённага аддзела Следчага камітэта за подпісам следчага маёра І. Мукасея, дзе далей гаворыцца, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 КПК Рэспублікі Беларусь, то бок праз адсутнасць у дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства.
Пра тое, што цягам трох дзён адбывалася з затрыманым Паўлам Плаксам у Ленінскім РУУС Менска, яго бацька ведае не толькі з матэрыялаў праверкі, праведзенай Ленінскім райаддзелам Следчага камітэта, з якімі ён быў азнаёмлены, але і з лістоў, што прыйшлі ад Паўла. Па словах Аляксандра Генадзьевіча Парцянкі, у матэрылах праверкі, няма нават намёку на катаванні ў дачыненні да яго сына. “Яны ўказваюць, што Павел атрымаў цялесныя пашкоджанні яшчэ дома падчас затрымання, паколькі аказаў супраціўленне. А наконт таго, што яго збівалі ў РУУСе, нічога не сказана. Яны толькі запісалі ў журнал, што прымянялася дубінка, хоць там гематомы па 25-36 сантыметраў - ад ягадзіц пераходзяць у сцёгны, драпіны, сінякі па ўсім целе, раны велізарныя. Баяліся, што зноў пачне аказваць супраціўленне і дзень і ноч трымалі ў кайданках - так і пішуць. Самі аператыўныя работнікі даюць паказанні, што кайданкі здымалі толькі пры падпісанні папераў”. А што адбывалася да падпісання патрэбных міліцыянтам папераў, бацькі ведаюць са словаў Паўла. “Цягам некалькіх сутак яго катавалі дзень і ноч. Збівалі, пакет апраналі на галаву, каб перакрыць паветра, есці не давалі, у прыбіральню не вадзілі. Катавалі па чарзе, пазменна, - распавядае Аляксандр Генадзьевіч. – Асабліва лютаваў там адзін – аператыўны супрацоўнік Рома. Ён тыкаў Паўлу ў твар пасведчанне, і казаў: «ты адсюль жывым не выйдзеш, і ніхто нічога не даведаецца, ты не жылец». І менавіта пад ціскам міліцыянта Рамана Павел Плакса падпісаў адмову ад дастаўлення ў бальніцу, калі прыязджала хуткая дапамога.
Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі прымянялі ў дачыненні да Паўла псіхалагічны гвалт – напрыклад, гразіліся згвалціць яго сужыцельку, ці ўсё той жа міліцыянт Рома пагражаў, што возьме шпрыц у хворага на СНІД і заразіць яго гэтаю хваробаю. Такім вось чынам выбіваліся прызнальныя паказанні.
Наконт асобаў міліцыянтаў-катаў ад Паўла бацькі ведаюць, што падчас затрымання ў менскай кватэры яны былі ў цывільным, ніхто з іх ніякіх пасведчанняў не паказваў. Аднак Аляксандр Генадзьевіч з матэрыялаў праверкі занатаваў прозвішчы кожнага з гэтай “выдатнай пяцёркі”: Дзмітрый Уладзіміравіч Канюхневіч, Аляксандр Пятровіч Лішко, Андрэй Іванавіч Дабравольскі (гэтыя трое затрымлівалі Плаксу ў кватэры), Раман Аляксандравіч Міхнюк і Андрэй Іванавіч Жук. “У характарыстыцы пра іх і гаворыцца, што добрыя супрацоўнікі, дзень і ноч раскрываюць злачынствы... Вось, зараз бачым, як яны іх раскрываюць – сілай. Тыя, што затрымлівалі, калі давалі тлумачэнні, сказалі, што пры ўваходзе ў кватэру паказалі службовыя пасведчанні і папрасілі Паўла праехаць у Ленінскі РУУС, ад чаго ён у грубай форме адмовіўся і спрабаваў схавацца ў пакоі кватэры. Нібыта таму яны сілай паклалі яго на падлогу і надзелі кайданкі. А драпіна на твары ў яго ўтварылася нібыта пры падзенні на падлогу падчас затрымання і ад таго, што ён спрабаваў падняцца. Усе свае грубыя дзеянні яны матывавалі толькі тым, “каб зноў не аказаў супраціўлення”. Аднак заключэнне пазнейшай судова-медыцынскай экспертызы паказала, што цялесныя пашкоджанні атрыманыя Паўлам не пры падзенні, а ўтварыліся ад тупога цвёрдага прадмета”.
Аляксандр Генадзьевіч заўважае, што апыталі гэтых міліцыянтаў вельмі павярхоўна. І адносна паўнаты праведзенай Следчым камітэтам праверкі таксама адзначае, што не былі дапытаныя вельмі важныя сведкі: падчас затрымання ў кватэры знаходзіліся сужыцелька Паўла і яе сяброўка. І са словаў сужыцелькі, падчас затрымання супрацоўнікі міліцыі не прадставіліся, прычынаў затрымання не паведамілі, а Плакса не аказваў ім ніякага супраціўлення, і, калі яго выводзілі з кватэры, у яго ні на твары ні на целе не было ніякіх драпінаў, сінякоў ці ранаў, ён быў абсалютна здаровы.
Праваабаронцы ўжо неаднаразова выказвалі свае сумневы наконт эфектыўнасці праверак у сітуацыях, калі скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі перанакіроўваюцца органамі пракуратуры ў адпаведыя раённыя аддзелы Следчага камітэта. У выпадку з Паўлам Плаксам скарга яго бацькоў на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РУУСа была перанакіраваная ў Ленінскі раённы аддзел Следчага камітэта, то бок, у орган, які вядзе крымінальную справу Паўла і ў якім зараз працуюць былыя следчыя таго ж самага Ленінскага РУУСа.
У якім стане знаходзіцца Павел Плакса, які зараз ўтрымліваецца ў следчым ізалятары турмы № 8 у Жодзіне, яго бацькі могуць меркаваць толькі па атрыманых лістах. “Сам ён не можа пісаць, у яго аднялася правая рука. Вось прыйшоў ліст - піша сукамернік з яго слоў. У канцы пастскрыптум: “Выбачайце, паспрабаваў сам распісацца, не атрымалася”. Пасля гэтага ліста жонка яму ўжо два напісала - адказу няма”, - кажа Аляксандр Генадзьевіч. З яго словаў ужо паўтары месяцы Паўлу не аказваецца медыцынская дапамога, і з гэтай нагоды бацькі накіроўвалі скаргу на імя начальніка СІЗА. У адказе на гэтую скаргу ім паведамляецца, што Павел быў агледжаны турэмным лекарам: стан яго здароўя здавальняючы, функцыя правай рукі захаваная ў поўным аб’еме і ў спецыялізаваным лячэнні ён патрэбы не мае. Пасля Паўла агледзеў спецыяліст, які ўстанавіў зашчымленне нерва запясця рукі. Ці праводзіцца ў сувязі з гэтым некае лячэнне, бацькі не ведаюць.
Пасля азнаямлення з матэрыяламі праверкі Следчага камітэта бацькі Паўла Плаксы вырашылі абскардзіць яе вынікі Пракурору Ленінскага раёна Менска. “Мы маем падставы не давяраць высновам супрацоўнікаў Ленінскага аддзела (г. Менска) Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, паколькі супрацоўнікі гэтага аддзела ў перыяд, калі ў дачыненні да Плаксы Паўла Аляксандравіча прымяняўся гвалт, шматразова праводзілі з яго ўдзелам следчыя дзеянні, а значыць бачылі яго фізічны і маральны стан, сляды збіцця, аднак ніякіх эфектыўных мераў па аказанні яму медыцынскай дапамогі і спыненні аказання на яго незаконнага ўздзеяння з боку супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Менска не прадпрымалі”, - указваюць яны ў сваёй скарзе на імя пракурора.
Парцянка Аляксандр Генадзьевіч і Жанна Вікенцьеўна настойваюць на ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце прычынення цялесных пашкоджанняў іх сыну Паўлу Плаксу супрацоўнікамі Ленінскага РУУС г. Менска.