Суд па скарзе журналіста Еўрарадыё прызначаны на 6 ліпеня
Гарадскі суд Мінска разгледзіць касацыйную скаргу журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова 6 ліпеня ў 15 гадзінаў. Яго скаргу суд атрымаў 29 чэрвеня ўвечары. Між тым, 15-сутачны арышт Паўла заканчваецца 7 ліпеня, таму, нягледзячы на рашэнне, Свярдлоў прабудзе на Акрэсціна, фактычна, увесь тэрмін.
Нагадаем, журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў, які мае афіцыйную акрэдытацыю пры беларускім Міністэрстве замежных спраў, быў затрыманы раніцай 22 чэрвеня каля пад’езда свайго дома. Па словах відавочцаў, да Паўла, які моўчкі выйшаў з пад’езда, падышлі двое людзей у цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі і прапанавалі прайсці з імі ў мікрааўтобус. Па версіі міліцыі, журналіст і ўладальнік крыштальнай савы найлепшага гульца “Што? Дзе? Калі?” “беспрычынна” і “бязадрасна” лаяўся матам, на заўвагі двух спецназаўцаў не рэагаваў. У выніку яго даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна.
Патэлефанаваць сваякам і на працу, а таксама напісаць у пратаколе сваю версію таго, што адбылося, міліцыянеры не дазволілі. У той жа дзень суд Маскоўскага раёна прысудзіў Свярдлову 15 сутак арышту. З-за таго, што ў Паўла не было магчымасці паведаміць пра сябе, адвакат і калегі прыехалі, калі суддзя ўжо абвяшчала прысуд.
Касацыйную скаргу на прысуд журналіст накіраваў адразу пасля першага спаткання з адвакатам у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 25 чэрвеня. На наступны дзень сваю касацыйную скаргу накіравала і адвакат. Пасяджэнне ў Гарадскім судзе было прызначанае на 15 гадзін 29 чэрвеня. На судзе высветлілася, што скарга Свярдлова за 4 дні так і не дайшла, а таму разгляд справы быў адкладзены.
Адзначым, што ў дзень затрымання Паўла ля офіса Еўрарадыё дзяжурылі сіні
“бус” і “УАЗ”. Людзі ў цывільным адкрыта назіралі за ўваходам у рэдакцыю і не
хавалі таго, што чакаюць іншага журналіста Еўрарадыё – Віталя Ругайна. Аднак
яму ўдалося пазбегнуць магчымай “беспрычыннай” лаянкі ў грамадскім месцы.
Цяпер Віталь працягвае працу з варшаўскага офіса Еўрарадыё.