Прафсаюзнага лідара не пускаюць на месца працы
Старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў не можа прайсці на Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. Між тым, на заводзе знаходзіцца офіс арганізацыі. Кавалькоў не можа выконваць свае службовыя абавязкі і сустракацца з сябрамі прафсаюзу.
Як паведамляе сайт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, з канца лістапада 2011 года адміністрацыя заводу заблакавала Кавалькову пастаянны пропуск на прадпрыемства. Штодня ён павінен атрымліваць аднаразовы пропуск, на што сыходзіць ад дзвюх да чатырох гадзін працоўнага часу.
А 21 і 22 траўня, па словах Кавалькова, яго ўвогуле адмовіліся пускаць на тэрыторыю прадпрыемства. Прафсаюзны лідар паведаміў аб праблеме дырэктару завода Аляксандру Аграновічу, але рэакцыі ад яго не дачакаўся. Пасля гэтага Кавалькоў і напісаў заяву ў пракуратуру.