Пракуратура пагражае адвакату Красоўскага Паўлу Сапелку
ПЦ "Вясна" стала вядома, што моладзевага актывіста Паўла Красоўскага падазраюць у шэрагу згвалтаваньняў непаўнагадовых дзяўчынак. Злачынствы былі зьдзейсьненыя ў 1999 годзе ў некалькіх гарадах Беларусі, сярод якіх пракуратура назвала Барысаў і Магілёў. У Барысаве, да прыкладу, была згвалтавана і забіта дзяўчынка 1984 году нараджэньня. Адвакат Красоўскага Павал Сапелка лічыць такое абвінавачваньне абсурдным і беспадстаўным.
Падчас допыту старэйшы сьледчы па асабліва важных справах рэспубліканскай пракуратуры Аляксандр Расолька, які вядзе працэдуру, аказваў ціск і на абаронцу Красоўскага Паўла Сапелку. Сьледчы пагражаў адвакату пазбаўленьнем ліцэнзіі і тым, што сам Сапелка неўзабаве можа стаць падазроным у крымінальнай справе. Маўляў, ёсьць шэраг нераскрытых злачынстваў па фактах нападаў на непаўнагадовых хлопчыкаў.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч камэнтуе сытуацыю: “Аказаньне такога ціску ня толькі на Красоўскага, але і на яго адваката сьведчыць аб заказным і палітычна матываваным характары справы. Яе можна лічыць пачаткам новага этапу ў перасьледзе апазыцыі і выкарыстаньні супраць яе ня толькі палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, але і артыкулаў па забойстве і згвалтаваньні. Мы лічым, што адна з мэтаў уладаў – ня толькі крымінальны перасьлед дэмакратычных актывістаў, але і іх дыскрэдытацыя ў вачах беларускіх грамадзянаў і міжнароднай супольнасьці. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Паўла Красоўскага. Непакоіць і лёс адваката Сапелкі, які таксама можа патрапіць пад рэпрэсіі ўлады, хаця яго дзейнасьць гарантаваная Каснтытуцыяй Рэспублікі Беларусь”.