Актывіст Саюзу палякаў прызнаны вінным у хуліганскіх дзеяньнях
У Горадні паўторна адбыўся суд па адміністрацыйнай справе Мечыслава Яскевіча — актывіста Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі. Судзьдзя Людміла Жук прызнала яго вінным у хуліганскіх дзеяньнях адносна здымачнай групы тэлебачаньня і пакарала чатырохдзённым арыштам.
Але ён ужо адбыў пакараньне, паколькі яго ў жніўні пратрымалі ў спэцпрыёмніку якраз чатыры дні. Паўтара месяцы таму Мечыслава Яскевіча судзілі разам з ягоным калегам Андрэем Пачобутам, але Яскевіча суд тады апраўдаў.
Сёньня высьветлілася наступнае: супрацоўнікі тэлебачаньня Лобан і Бялятка мінулым разам у судзе засьведчылі, што перашкаджаў ім здымаць сюжэт для тэленавінаў толькі Пачобут, таму адносна Яскевіча справу спынілі. Але потым журналісты напісалі заяву ў Кастрычніцкую раённую пракуратуру, заяўляючы, што незадаволеныя судовым рашэньнем адносна Яскевіча.
Адвакат Уладзімір Кісялевіч так ацаніў гэтыя дзеяньні:
- Лобан і Бялятка, каб справу з абвінавачаньнем Яскевіча вярнуць у суд, напісалі заяву ў пракуратуру. Я думаю, што гэта было зроблена па ініцыятыве адпаведных спэцслужбаў або — супрацоўнікаў міліцыі. Гэтая заява стала падставай для вынясеньня пратэсту з боку пракуратуры і ў выніку — адмены пастановы судзьдзі.
Паводле Радыё Свабода, сёньня, 4 кастрычніка, у судзе апэратар Андрэй Бялятка сьцьвердзіў, што яму напраўду перашкаджалі працаваць, таксама Яскевіч. Судзьдзя Людміла Жук мусіла запытацца: калі Бялятка гаварыў у судзе праўду — мінулым разам ці сёньня? Апэратар спаслаўся на тое, што мінулым разам актывісты Саюзу палякаў аказвалі на яго маральна-псыхалягічны ціск пытаньнямі: “Як вам ня сорамна? Дзе вашае сумленьне?”, таму ён ня здолеў даць праўдзівыя паказаньні.
У судзе былі таксама два новыя сьведкі з боку міліцыі. Участковы Віктар Масальскі сказаў, што жыве ў інтэрнаце насупраць вайсковых могілках. Аднойчы ён пачуў праз фортку польскія сьпевы, а затым праз акно на чацьвертым паверсе ўбачыў, што здымачнай групе тэлебачаньня перашкаджаюць працаваць, у тым ліку Мечыслаў Яскевіч. Другі сьведка — Валеры Тышчанка сказаў, што ішоў па вуліцы міма вайсковых могілак і ўбачыў з адлегласьці 100-150 мэтраў, што там адбываецца нейкая штурханіна і нехта захіляе відэакамэру газэтамі.
Пасьля заканчэньня судовага разбору адвакат Уладзімір Кісялевіч мусіў заявіць, што справа мае палітычны характар і Мечыслава Яскевіча перасьледуюць за ягоны ўдзел польскім грамадзкім руху.
Нагадаем, 15 жніўня здымачная група мясцовага тэлебачаньня рабіла сюжэт на вайсковых могілках, дзе актывісты Саюзу палякаў і супрацоўнікі польскага консульства ўшаноўвалі памяць жаўнераў Войска Польскага. Праз тры дні міліцыя затрымала Андрэя Пачобута і Мечыслава Яскевіча. Іх пратрымалі ў спэцпрыёмніку чатыры дні, пакуль суд не пастанавіў арыштаваць Пачобута на дзесяць сутак (паводле артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу — за дробнае хуліганства), а справу адносна Яскевіча спыніць і выпусьціць яго на волю.