Алесь Бяляцкі будзе працаваць на швейнай вытворчасці
Сустрэча
Алеся Бяляцкага з жонкай Наталляй Пінчук адбудзецца толькі ў наступным месяцы.
Старшыню Праваабарончага цэнтра “Вясна” больш трох тыдняў трымалі ў турэмным
каранціне і толькі ў мінулы чацвер перавялі ў атрад.
У Бабруйскай калоніі сустаршыня Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека будзе
працаваць на швейнай вытворчасці. Пра гэта Алесь Бяляцкі паведаміў сваёй жонцы
Наталлі Пінчук у першым лісце пасля пераводу ў атрад.
– Сустрэчы не адбудзецца, паколькі Алесю працягнулі каранцін. У яго каранцін
павінен быў закончыцца 15 сакавіка, але яму працягнулі яшчэ на тыдзень. Сёння я
атрымала ліст з якога стала вядома, што 22-га яго перавялі ў атрад. Чым ён будзе
займацца ў атрадзе ён сам не ведае, бо ліст датаваны 22 сакавіка. Адзінае
ведае, што гэта адрад, які будзе хадзіць на швейную вытворчасць. А што тычыцца
здароўя, самаадчування, ён не піша. Але добрым знакам для мяне з'яўляецца ўжо
тое, што я атрымала ад яго ліст.
24 лістапада мінулага года Першамайскі суд Мінска прызнаў Алеся Бяляцкага
вінаватым у нясплаце падаткаў з грошай, што ішлі на праваабарончую дзейнасць і
асудзіў на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Большасць міжнародных праваабарончых арганізацый назвалі прысуд палітычным.
Вызвалення Бяляцкага і перагляд ягонай справы патрабуюць і прадстаўнікі
еўрапейскіх краін, якія ўнеслі суддзю і пракурора на працэсе ў спіс непажаданых
у Еўропе.