Лідараў апазіцыі затрымалі на мяжы з Расіяй
Аляксандр Атрошчанкаў, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька былі знятыя з цягніка па дарозе ў Расею. Гэта першы раз, калі невыязных апазыцыянэраў не выпускаюць праз беларуска-расейскую мяжу.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў у момант затрымання паспеў патэлефанаваць сайту charter97.org, але гаварыць не мог.
На працягу прыкладна пяці хвілін журналісты чулі, як яго, лідара партыі «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна і старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі спрабавалі вывесці з купэ цягніка.
Сяргей Калякін патрабаваў ад людзей, што затрымлівалі яго, прадставіцца, казаў, што не згодны ісці з незнаёмымі людзьмі, бо ў Беларусі ўжо былі выпадкі палітычных выкраданняў і забойстваў. Урэшце, усіх затрымалі і кудысьці адвялі.
Пазней стала вядома, што апазіцыянераў знялі з цягніка № 2 Мінск-Масква на станцыі Орша, і яны былі дастаўлены ў Аршанскі РАУС.
Усе ўтрох 28 сакавіка ў 22.05 меліся вылецець з Масквы ў Брусэль.
Атрошчанкаў, акрамя таго, быў запрошаны на запіс інтэрв’ю для «Русской службы новостей» у Маскве.
А 1.20 карэспандэнту радыё «Свабода» ўдалося дазваніцца да Анатоля Лябедзькі, ён адказаў на званок, але нічога так і не здолеў сказаць. Кар. толькі чуў дыханне Анатоля і голас нейкага службоўца, які, як выглядае, зачытваў нейкія дакументы.
А 1.30 Анатоль Лябедзька зноў адказаў
на званок і здолеў сказаць некалькі словаў. На пытанне, на якой
падставе іх затрымалі, лідар АГП
паведаміў, што у момант затрымання казалі, што шукаюць наркотыкі,
а цяпер «шыюць» адміністратыўную справу.