У Брэсцкім раёне забаронена правядзенне 15 пікетаў
Усе гэтыя акцыі ставілі на мэце прыцягнуць увагу да
збяднення насельніцтва і былі заяўлены мясцовымі актывістамі Беларускай партыі
левых “Справядлівы свет”.
Пікеты планавалася правесці 16 сакавіка ў 14-ці вёсках Брэсцкага раёна і ў
гарадскім пасёлку Дамачава. Такім чынам іх арганізатары мелі намер выказаць
свой пратэст супраць далейшага росту коштаў на асноўныя тавары і паслугі, што
асабліва ўдарыла па пенсіянерам, шматдзетных і малазабяспечаных сем'ях. Падчас
акцый планавалася распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы аб рэальнай
сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Па словах старшыні раённай партыйнай структуры Анатоля Новіка, з сельвыканкамаў
рэгіёну ўсе заяўнікі акцый атрымалі аднолькавыя лісты: ім неабходна з'явіцца
туды для ўдакладнення пытанняў, звязаных з правядзеннем пікетавання. Аднак, як
тлумачыць Анатоль Новік, усе заяўкі былі пададзены ў адпаведнасці з Законам аб
масавых мерапрыемствах, таму ўлады павінны былі не выклікаць людзей, а даць адказ
– альбо станоўчы, альбо адмоўны. Па яго меркаванні, чыноўнікі выканкамаў падчас
такіх сустрэч збіраліся не ўдакладняць фармат правядзення акцый, а шукаць
падставы для іх забароны. “Абмеркаваўшы гэтую сітуацыю, мы прынялі рашэнне не
ісці ў выканкамы, пасля чаго атрымалі новыя, як пад капірку напісаныя лісты,
дзе гаворыцца, што пікеты забароненыя, бо заяўнікі не прыйшлі на размовы“, -
распавёў Новік.
Партыйны актывіст запэўнівае, што сябры “Справядлівага свету” будуць працягваць
дамагацца правядзення ў у Брэсцкім раёне такіх акцый, нягледзячы на спробы
мясцовых уладаў не дапусціць публічнага выказвання незадаволенасці
сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у краіне. Раней, у лютым 2012-га году, у рэгіёне былі
забараненыя тры пікеты
супраць збяднення насельніцтва.