Сёння Еўрапарламент правядзе дэбаты па Беларусі
14 сакавіка Еўрапарламент правядзе дэбаты аб сітуацыі ў Беларусі ў рамках пленарнай сесіі ў Страсбургу.
Згодна з парадкам дня, размешчаным на сайце Еўрапарламента,
беларускае пытанне будзе разгледжана разам з яшчэ чатырма ў перыяд з 15 да 21
гадзіны па сярэднееўрапейскім часе (з 17 да 23 — па мінскім).
Чакаецца, што з заявай перад еўрапарламентарыямі выступіць вярхоўны прадстаўнік
ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
Па выніках дэбатаў плануецца прыняць рэзалюцыю, галасаванне па якой у парадку
дня запланавана на 15 сакавіка.
На мінулым тыдні віцэ-спікер Еўрапарламента Яцак Пратасевіч заяўляў, што на
сесіі, якая пачнецца 12 сакавіка ў Страсбургу, беларускае пытанне абмяркоўвацца
не будзе.
"Мы спецыяльна вырашылі рэзалюцыю па Беларусі ўхваліць праз два тыдні,
падчас сесіі ў Бруселі", — гаварыў Пратасевіч у інтэрв'ю "Радыё
Свабода".
Віцэ-спікер Еўрапарламента адзначыў, што канфлікт паміж Беларуссю і Еўрасаюзам
настолькі абвастрыўся, што "цяпер застаецца толькі адзін крок да
фактычнага разрыву дыпадносінаў — папрасіць беларускіх паслоў у краінах ЕС
выехаць на кансультацыі і такім чынам абмежаваць дыпадносіны да такога ўзроўню,
які цяпер існуе паміж Мінскам і Вашынгтонам".
"Гэтага нельга выключаць, але мы вырашылі даць час на развагу, перш за ўсё
Мінску, бо гэта Мінск усё пачаў. Можа, за гэтыя два тыдні наступіць
працверажэнне. Мы не хочам ізаляваць Беларусь, але хочам дабіцца ад Мінска
таго, што для нас мае асаблівае значэнне — на сёння гэта перш за ўсё вызваленне
палітзняволеных", — сказаў Пратасевіч.
27 лютага Савет Міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс
неўязных у краіны Еўрасаюза прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, уключыўшы ў яго
яшчэ 21 прозвішча. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку
прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку
"выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву
цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый". У
адказ на гэта ўсе краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.
Лідары краін Еўрасаюза 2 сакавіка на саміце ў Бруселі заклікалі Савет ЕС
прыняць "далейшыя меры" ў дачыненні да Беларусі. Удзельнікі саміта
выказалі "сур'ёзную і глыбокую занепакоенасць працягам пагаршэння
сітуацыі" ў краіне.
Яны таксама віталі рашэнне Савета ЕС пашырыць спіс асоб, да якіх прымяняюцца
візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза ў сувязі з тым, што гэтыя асобы
адказныя за парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і
грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама "падтрымліваюць або
з'яўляюцца бенефіцыярамі рэжыму Лукашэнкі".
У выніковым дакуменце саміта ўтрымліваецца заклік да Савета ЕС прадоўжыць працу
ў гэтым кірунку.