Сяргею Шупу адмоўлена ў беларускай візе
Журналісту Беларускай службы радыё «Свабода» (Прага) Сяргею Шупу адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Сёння журналіст, які жыве ў сталіцы Чэхіі, атрымаў у беларускім консульстве свой пашпарт з пазнакай «адмоўлена».
Сяргей Шупа павінен быў весці прэзентацыю рамана Альгерда Бахарэвіча «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення», што павінна прайсці 22 сакавіка ў Мінску.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2011 г. не атрымала беларускай візы 81-гадовая Галіна Руднік, якая збіралася прэзентаваць у Мінску кнігу сваіх ўспамінаў «Птушкі пералётныя», што выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды». Былой супрацоўніцы радыё «Свабода», што з сярэдзіны 1950-х жыве ў Мюнхене, адмовілі ў візе ў беларускім пасольстве ў Берліне. Прычыну адмовы не патлумачылі.
Шупа вядомы не толькі як радыёжурналіст, але і як мовазнавец і перакладчык.