viasna on patreon

Рэха суду над Каваленкам у Першамайскім райсудзе Віцебску

2012 2012-02-27T14:10:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kavalenka-syd-9s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Партыйцы, журналісты, сваякі падсуднага  і шараговыя грамадзяне напісалі паўсотні скаргаў на тое, што іх не пусцілі на суд над віцебскім актывістам, які праходзіў з 21 па 24 лютага.  “Кніга скаргаў і прапановаў" цяпер запоўненая, трэба заводзіць новую і пісьмова адказваць кожнаму, хто запісаў свае прэтэнзіі.

Усе скаргі тычыліся таго, што з 23 лютага працэс над Каваленкам практычна стаў закрытым. На яго не дапусцілі нават сваякоў падсуднага апазіцыянера, пра што і напісала скаргу яго жонка, Алена Каваленка.

Некалькі запісаў зрабіў праваабаронца Валеры Міснікаў:  

--Я пачаў з таго, што 23 лютага мяне не пускалі нават у канцэлярыю, дзе захоўваецца тая "Кніга  скаргаў і прапановаў". Прычым не прапусцілі не работнікі суду, а супрацоўнікі міліцыі, якія выставілі ў калідоры кардон і  ўсім тут камандавалі. Давялося пісаць скаргу нават на тое, што людзей, якія чакалі ў калідоры, не пускалі ў прыбіральню. Пасля гэтага пачалі пускаць – па адным, з дазволу канвою.

Дарэчы, спадар Міснікаў пакінуў запісы не толькі ў "Кнізе скаргаў і прапановаў": пасля таго, як яму яе не далі на першае патрабаванне, ён паехаў у абласную ўправу МУС і напісаў заўвагу там, бо лічыць незаконным, калі супрацоўнікі міліцыі распараджаюцца ў судовым будынку.

Афіцыйнай прычынай, па якой люзей не пускалі ў судовую залу, была адсутнасць месцаў.  У другі дзень, пасля таго, як жонка актывіста разгарнула бел-чырвона-белы сцяг і дастала плакат "Свабоду беларусу Сяргею Каваленку", суд перанеслі з самай вялікай залы №8, разлічанай на 50 месцаў, у  залу №6, меншую ўдвая. У трэці дзень суду яе запоўнілі "асобамі ў цывільным", сярод якіх не было ніводнага знаёмага падсуднаму чалавеку. Тых, хто прыйшоў выказаць салідарнасць з Сяргеем Каваленкам, выдалілі нават з судовага будынку.

З разлікам на тое, што і ў апошні дзень суду месцаў "не хопіць", пенсіянерка Антаніна Піванос прыйшла са сваім раскладным зэдлікам:

--Мне сказалі, што няма месцаў. Я сказала, што маю сваё. Мяне не пусцілі зноў. Таму напісала скаргу, што мае правы парушылі!

Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў напісаў скаргу дома, бо па "Кнігу скаргаў і прапановаў" 24 лютага ўжо стаяла чарга:

--Напісаў на двух аркушах пра ўсё тое беззаконне, што тут рабілі міліцыянты. Няхай мне адкажа старшыня суду Уладзімір Бяссмертны, на якой падставе супрацоўнікі міліцыі тут "гаспадарылі", зневажаючы людзей!

Калі работнікі суду заўважылі, што лік скаргаў ідзе ўжо на дзесяткі, у калідоры з'явілася супрацоўніца, якая прапанавала ахвотным запісвацца на асабісты прыём да старшыні суду. Але на настуным тыдні – праз два дні пасля таго, як працэс над Каваленкам завяршыўся.

24 лютага суддзя Першамайскага райсуду Алена Жук прысудзіла Сяргею Каваленку 2 гады 1 месяц калоніі агульнага рэжыму за парушэнне рэжыму адбывання "хатняй хіміі" – умоўнага пакарання за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 года на навагодняй елцы. З 19 снежня Сяргея Каваленку трымалі пад вартай – спачатку ў ІЧУ, потым у СІЗА.  Калі адняць тое, што ён адседзеў да суду, застаецца 1 год 11 месяцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства