Журналістку Радыё «Рацыя» выклікаюць у пракуратуру
Гражына Шалкевіч атрымала пісьмовую позву ад намесніка начальніка пракуратуры Гродзенскай вобласці Паведайкі В.І. Яна павінна з’явіцца на размову 27 лютага а 10.30.
Журналістка мяркуе, што яе чакае папярэджанне за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі, - паведамляе Радыё “Рацыя”. 30 студзеня г.г. Гражына ўжо пабывала на размове ў КДБ, дзе атрымала вуснае папярэджанне за гэта.
Акрамя таго, 21 лютага той жа пракурор Паведайка ўручыў пісьмовыя папярэджанні яшчэ аднаму карэспандэнту Радыё “Рацыя” Віктару Парфёненку і незалежнаму тэлежурналісту Алесю Дзянісаву, а 16 лютага - Міколу Дзятчэню. Усе яны папярэджаныя пра недапушчальнасць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, якія не маюць акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Такім чынам, у Гродне гэта ўжо чацвёрты ў гэтым годзе выпадак выкліку ў абласную пракуратуру незалежных журналістаў. Гражына Шалкевіч не выключае, што гэта звязана з іх сяброўствам у ГА “БАЖ” і з’яўляецца следствам узмацненння ціску на арганізацыю.
З улікам папярэджання Шалкевіч ад КДБ і нядаўняга папярэджання ад гэтай жа структуры на адрас стваральніка сайта “Свабодны рэгіён” з Полацку Яўгена Парчынскага, у 2012-м годзе на адрас журналістаў і сябраў ГА “БАЖ” было вынесена ўжо 5 папярэджанняў ад сілавых структур. Калі Г. Шалкевіч папярэдзяць у пракуратуры ў панядзелак, то гэтая санкцыя будзе сёлета шостай па ліку.