"Мяне адлічылі з універсітэта"
Мікіта Броўка: “Пасля майго затрымання і дзесяці сутак на Акрэсціна ў мяне амаль не
было сумневаў — з універсітэта мяне выключаць”.
Падставы так думаць былі больш чым сур’ёзныя — ужо падчас самай першай сустрэчы
з адміністрацыяй факультэта ўсім далі зразумець, што тыя, хто не падтрымлівае
палітыку дзяржавы, вучыцца тут не будуць. Гэта былі не пустыя словы: яшчэ да
паступлення я ведаў гісторыю хрысціянскай дэмакраткі Ганны Антонавай. Яе
выключылі з майго факультэту ў 2008 годзе — проста за тое, што яна падала
заяўку на правядзенне пікету ў падтрымку тады яшчэ палітвязня Аляксандра
Казуліна.
Да адлічэння Ганны Антонавай былі датычныя тагачасны дэкан факультэта
беларускай філалогіі і культуры Франц Станіслававіч Шумчык і яго намесніца па
выхаваўчай працы Таццяна Уладзіміраўна Ганчарова-Цынкевіч. Фактычна па
палітычных матывах адлічалі студэнтаў і сённяшні дэкан факультэта беларускай і
рускай філалогіі Васіль Дзянісавіч Старычонак, а таксама былы дэкан факультэта
беларускай філалогіі і культуры Аляксандр Іванавіч Лугоўскі.
Праславіўся мой факультэт і падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў — намесніца
дэкана па выхаваўчай працы Таццяна Уладзіміраўна Ганчарова-Цынкевіч абяцала
ўсім дадатковы выходны дзень у тым выпадку, калі 90 працэнтаў студэнтаў
прагаласуе датэрмінова. Але ці то студэнты не паслухаліся, ці то спадарыня
Ганчарова-Цынкевіч схлусіла — ніякага дадатковага выходнага дня не было.
На наступны дзень пасля вызвалення з Акрэсціна я ў першую чаргу накіраваўся ва
ўніверсітэт. На факультэце мяне прынялі цёпла — у мой бок, на дзіва, не было
сказана аніводнага злога слова. У дэканаце зрабілі копію рашэння суда і
папрасілі напісаць тлумачальную запіску. Пасля гэтага мне паведамілі, што я
магу здаваць залікі.
Такое развіццё падзей магло б вельмі здзівіць мяне, калі б не адна акалічнасць.
Падчас адсідкі на Акрэсціна мяне выклікалі на размову да аднаго чалавека. Ён
прадставіўся кімсьці накшталт «інспектара па справах моладзі». Доўга распытваў
пра акалічнасці маёй справы, пра тое, ці ўдзельнічаю я ў палітычных працэсах.
Пасля вызвалення абяцаў патэлефанаваць. Асобую ўвагу акцэнтаваў на тым, што ён
патурбуецца, каб ва ўніверсітэце ў мяне не ўзнікла праблем — мой арышт якраз
прыйшоўся на час заліковай сесіі.
Варта адзначыць, што троху раней гэты ж чалавек прысутнічаў у Доме Правасуддзя,
дзе 20 снежня мы з іншымі затрыманымі чакалі разгляду нашых спраў. Ходзячы па
калідоры ў міліцэйскай форме, ён распытваў студэнтаў пра акалічнасці іх
навучання — відаць, выбіраў «ахвяру».
І што цікава, затрыманых са мною дзяўчат з майго факультэта выклікалі да
прарэктара па выхаваўчай працы, а мне пашчасціла ўсяго толькі патлумачыць сітуацыю
дэкану, які адрэагаваў на ўсё досыць спакойна.
Я паспяхова здаў пяць залікаў за чатыры дні. Патрапіць на першы іспыт не
паспеў, а на другім усё пайшло-паехала. Падчас іспыту ў аўдыторыю завітаў
намеснік дэкана па вучэбнай працы Франц Станіслававіч Шумчык, які папрасіў
выкладчыцу тэрмінова адлучыцца для размовы. Я атрымаў за экзамен
нездавальняючую адзнаку.
Праз пэўны час мне давялося сустрэцца з тым самым чалавекам, які гутарыў са
мной падчас адбывання арышту на Акрэсціна. Я думаў, што ён прапануе мне
падпісаць паперу аб супрацоўніцтве, а ў выпадку адмовы будзе пагражаць
адлічэннем.
Але гэтага не адбылося. Ён доўга гаварыў на розныя тэмы, цікавіўся сітуацыяй з
вучобай. Добрае веданне сітуацыі ў краіне адразу выдала ў ім спецслужбіста.
Лейтматывам размовы было абмеркаванне сітуацыі з маім навучаннем: маўляў, калі
будуць нейкія праблемы — тэлефануй, я табе абавязкова дапамагу.
Праз некалькі дзён прыйшоў час трэцяга іспыту. І ў мяне не было сумневаў наконт
паспяховай здачы. Пра маё затрыманне і арышт выкладчыца даведалася ледзь не
першай, і адмыслова патэлефанавала адной з дзяўчын, з якімі мяне затрымлівалі.
Выказала словы падтрымкі, нехта казаў, што нават абяцала «паставіць экзамен
аўтаматам».
Але падчас іспыту я пачуў: «Я не магу паставіць…» Ужо потым некалькі чалавек
расказвалі, што бачылі яе ва ўніверсітэце заплаканую, але ніхто не мог
даведацца, у чым прычына.
Па словах намесніка дэкана па вучэбнай працы, у аўторак, 17 студзеня, мяне
афіцыйна адлічылі з фармулёўкай «за акадэмічную непаспяховаць».