Баранавічы: галоснасць дапамагла хворым
Распаўсюд інфармацыі пра нізкую тэмпературу ў неўралагічным аддзяленні Баранавіцкай гарадской бальніцы, а таксама ўвага да гэтай праблемы журналістаў і праваабаронцаў далі станоўчы вынік. Справа ў тым, што ў некаторых палатах бальніцы тэмпература паветра была толькі ўсяго плюс дзесяць. Хворыя ляжалі ў палаце, нацягнуўшы на сябе па 2-3 коўдры, у цёплых шкарпэтках, швэдрах і вязаных шапачках. Пасля таго, як гэтая інфармацыя з’явілася на сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна”, у недзяржаўнай газеце “Intex-press”, для хворых палаты наступілі добрыя змены. У палату № 311 завітала кіраўніцтва неўралагічнага аддзялення гарбальніцы, тэхнічныя службы. Санітаркі хутка памылі ваконнае шкло, нечакана тэмпература паветра павялічылася да +16, сантэхнікі спрабавалі адрамантаваць унітаз і падвесці халадную ваду. Прыехала і санэпідэмстанцыя, якая адразу забараніла ў гэтай палаце знаходзіцца хворым. Усіх хворых перавялі ў цеплую 314 палату.