Бабруйск: Ідэолагі шчыльней возьмуцца за СМІ
У Бабруйску працягваецца хваля ўздыму актыўнасці мясцовага ідэалагічнага апарата. Так, на апошняй нарадзе актыва начальнік аддзела ідэалагічнай працы гарвыканкама Аляксандр Маркачоў параіў падначаленым шчыльней узяцца за “прыкладную ідэалогію”.
Гэта азначае, што да 1 сакавіка павінен адбыцца “поўны ахоп ідэалагічным уплывам усіх працоўных” на прадпрыемствах, - паведамляе рупар гарвыканкама газета “Бабруйскае жыццё” (лютаўскі № 11). Сярод іншага, галоўны ідэолаг адзначыў перанасычнасць насельніцтва інфармацыяй. Таму ідэолагі мусяць дапамагаць людзям “разабрацца ў плыні іфармацыі, адлучыўшы дакладную і адсейваючы скажоную і хлуслівую”. Супрацоўніцтва з гарадскімі СМІ таксама, на думку Аляксандра Маркачова, павінна паўплываць на розумы. Ідэолагі мусяць супрацоўнічаць з сродкамі інфармацыі і “забяспечваць іх той самай дакладнай інфармацыяй”.
-Напэўна, мясцовы галоўны ідэолаг лічыць, што СМІ трэба даваць такую інфармацыю, якая будзе служыць, так бы мовіць справе “узмацнення маладой беларускай дзяржавы”, - мяркуе галоўны рэдактар “Бабруйскага кур’ера” Анатоль Санаценка. – То бок, толькі пазітыўную інфармацыю, і стварыць станоўчы вобраз улады ў вачах народа, на фоне эканамічнага крызіса. Таму і прагучала гэтае патрабаванне – больш супрацоўнічаць. Але з іншага боку можна падумаць, што дагэтуль улады давалі журналістам недакладную інфармацыю?! Таму я разглядаю словы Аляксандра Маркачова як звычайнае жаданне чыноўніка паказаць, што ён працуе, кіруе ідэалагічным працэсам. Бо газеты, якія захаваліся ў Бабруйску і так вельмі “акуратныя”. Калі б друкаваўся дагэтуль “Бабруйскі кур’ер”, такія заявы можна было б разглядаць і як узмацненне цэнзуры.