ДАІ затрымала журналістку "Віцебскага Кур'ера"
6 лютага прыкладна ў 17.30 ДАІ ў чарговы раз затрымала для праверкі машыну рэдактара "Віцебскага Кур'ера".
Як паведаміла па тэлефоне журналістка "ВК" Юлія Канаплёва, даішнікі спынілі яе ў раёне Лядовага палаца на праспекце Перамогі ў Віцебску і папрасілі адкрыць багажнік. Але атрымалі адмову. Кіроўца запатрабавала панятых і запрасіла прадстаўніка ўладальніка аўто і журналістаў.
Па словах Юліі Канаплёвай, гэта ўжо пятае затрыманне аўтамабіля ў лютым. Журналістка кажа, што зусім нядаўна праязджала ў гэтым жа раёне на іншай машыне - і ніхто яе не спыняў. Яна ўпэўненая, што аўтамабіль рэдактара нашага выдання "пасуць".
18.50. Журналістка паведаміла, што да месца затрымання пад'ехалі яшчэ тры машыны - міліцэйскія "уазік" і Газэль з мігалкамі плюс серабрыстая "Лада" з людзьмі ў цывільным, якія на дадзены момант перагаворваюцца з інспектарамі ДАІ, якія затрымлівалі журналістку.
19.05. Да журналісткі падышоў інспектар Анюхоўскі і прапанаваў "проста, без пратаколу, адкрыць багажнік". Пасля таго як журналістка адмовілася і запатрабавала выканаць працэдуру, гэта значыць запрасіць панятых і скласці пратакол, супрацоўнік ДАІ зноў адышоў раіцца. Між тым, Газэль з нарадам міліцыі з'ехала (міліцыянты нават не падыходзілі да аўтамабіля рэдактара ВК). Па словах Юліі, цяпер засталіся адны даішнікі, якія сядзяць у машыне, размаўляюць па мабільніках і нічога не робяць. З моманту затрымання прайшло ўжо амаль 2 гадзіны.
19.35. Юля Канаплёва распавяла, што патэлефанавала ў дзяжурную частку ДАІ і спытала, на які час яе маюць права затрымліваць. Адказалі: на тры гадзіны. "Так што нас яшчэ могуць пратрымаць цэлы час", - кажа журналістка. Каб яе падтрымаць, да яе ўжо пад'ехалі сваякі, сябры, актывісты кампаніі "Наш Дом". Усяго сем чалавек. Падышла нават незнаёмая жыхарка найбліжэйшай хаты, якая паспрабавала ўласкавіць міліцыю, а потым, па словах Юліі, чытала нейкія заклёны. Машыны спыняюцца. Таксісты спачувальна сігналяць, распавяла журналістка па тэлефоне.
20.00. Прыехалі супрацоўнікі Першамайскага РАУС Віцебска. Складаюць пратакол. Рыхтуюцца да агляду аўтамабіля.
20.25. Праходзіць агляд. Супрацоўнікі міліцыі апісваюць усё, што бачаць у салоне і ў багажніку аўтамабіля. Правялі таксама агляд маторнага адсека. Складаюць пратакол. Агляд праходзіць у прысутнасці незалежных панятых.
20.55. Юля паведаміла, што дакументы ёй вярнулі. Інспектар Анюхоўскі прынёс прабачэнні. "А супрацоўнікі РАУС яшчэ мерзнуць з намі. Зараз будзем знаёміцца з пратаколам", - кажа журналістка. З яе слоў, нічога крамольнага міліцыянты не знайшлі. У машыне была ўсяго адна газета "Віцебскага Кур'ера". Дарэчы, з артыкулам пра віцебскую ДАІ. Супрацоўнікі міліцыі апісалі і яе, але з сабой, як кажа Юлія, узяць адмовіліся. Спадзяецца на тое, што яе пасля падпісання пратакола адпусцяць дадому.
21.20. Юля азнаёмілася з пратаколам агляду і падпісала яго. Журналістку адпусцілі: "Едзем у ДАІ пісаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. У кнігу скаргаў і прапаноў. Пры затрыманні мне не растлумачылі прычыны спынення. Яны і самі не ведалі, што ім казаць: спачатку - для праверкі дакументаў, потым - для агляду машыны, агляду багажніка і г.д. І ўсё гэта ім хацелася зрабіць без панятых і пратаколу. А мы прамерзлі 4 гадзіны! Відаць, і сапраўды бравым супрацоўнікам ДАІ няма чым заняцца ў гэтую сцюдзёную пару ... "