У калонію да Саннікава прыязжалі з кнігамі і свечкамі
19 снежня віцебскія актывісты сустрэліся з начальнікам калоніі №3 у пасёлку “Віцьба”, дзе адбывае тэрмін зняволення Андрэй Саннікаў. Кіраўнік выпраўленчай установы адмовіўся прыняць кнігі для турэмнай бібліятэкі, але запэўніў, што ў палітыка няма ніякіх скаргаў на ўмовы ўтрымання. Увечары на знак салідарнасці са зняволеным палітыкам каля калоніі былі запалены свечкі.
Начальнік калоніі Віталь Агністыкаў паведаміў віцебскім актывістам Сяргею Парсюкевічу і Ўладзіславу Варанецкаму, што асабіста прыняў рашэнне ізаляваць зняволенага Саннікава ад любых зносінаў, у тым ліку і з адвакатамі.
“Начальнік калоніі сказаў, што была заява ад Саннікава -- што ягонаму жыццю пагражае небяспека. Таму было прынята рашэнне змясціць яго ў нейкае “надзейнае памяшканне”, як называе гэта начальнік, дзе зняволены мае спальнае мейсца, магчымасць чытаць газеты, якія выпісвае калонія, і выходзіць на прагулкі. Віталь Агністыкаў сказаў таксама, што цяпер праводзіцца праверка па факце заявы Саннікава, але калі яна будзе скончана – невядома. Паводле закону, працягвацца яна можа 6 месяцаў. Нам параілі не хвалявацца за здароўе Саннікава, маўляў “ён жывы і здаровы, гэта я вам кажу як начальнік калоніі і афіцэр, мне можна верыць”. Аднак кнігі для турэмнай бібліятэкі, у тым ліку вершы Ўладзіміра Някляева начальнік калоніі прыняць адмовіўся”, -- распавёў Сяргей Парсюкевіч.
Увечары каля калоніі №3 з’явіліся запаленыя свечкі. Таксама на бліжэйшым транспартным прыпынку аднадумцы палітвязня вывесілі ягоны партрэт з надпісам “Андрэй Саннікаў – мой прэзідэнт”. Праўда, акцыя атрымалася кароткатэрміновая: свечкі заўважылі ахоўнікі калоніі, яны выбеглі з караульнага памяшкання са службовымі сабакамі, але актывістаў у цемры добра не разгладзелі. Адно што патушылі свечкі ды знялі партрэт.