viasna on patreon

Палітвязні: 11+3

2011 2011-10-15T13:42:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі хельсінкскі камітэт прызналі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча палітычнымі зняволенымі дзеючага ў Беларусі рэжыму.

У выніку цяперашні спіс палітвязняў Беларусі выглядае так: “11+3”. Гэта значыць, што палітычная матываванасць прысудаў 11 асобаў не выклікае пытанняў у прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і палітыкаў. Справы трох чалавек будуць дадаткова даследавацца.

У асноўнымі спісе палітвязняў — Статкевіч, Саннікаў, Бандарэнка, Аўтуховіч, Бяляцкі, Севярынец, Дашкевіч, Лобаў, Аліневіч, Дзядок, Францкевіч. Што тычыцца трох апошніх прозвішчаў, то ў спіс палітвязняў гэтых асобаў праваабаронцы дадалі пасля аналізу іх крымінальных спраў. Паводле заключэння БХК, такое рашэнне грунтуецца на падставе таго, што папярэдняе следства па крымінальнай справе суправаджалася сур’ёзнымі працэсуальнымі парушэннямі, у тым ліку правоў асуджаных. У часе судовага працэсу парушаўся прынцып роўнасці бакоў па прадстаўленні доказаў. Грубыя парушэнні правоў асуджаных даюць падставу сцвярджаць, што разгляд справы ў судзе не быў аб’ектыўным, поўным і ўсебаковым, а вынесены прысуд — неабгрунтаваны і незаконны. Змяшчэнне пад варту І. Аліневіча, М. Дзядка, А. Францкевіча, іх асуджэнне да такіх доўгіх, відавочна неадэкватных тэрмінаў пазбаўлення волі, пры несправядлівым разглядзе, “відавочным чынам звязана з палітычнымі матывамі ўладаў”.

Трое фігурантаў “бабруйскай справы анархістаў” (Яўген Васьковіч, Павел Сырамалотаў, Арцём Пракапенка) былі асуджаныя за падпал будынку Бабруйскага КДБ на сем гадоў пазбаўлення волі. Іх прызналі вінаватымі па двух артыкулах крымінальнага кодэксу: “злоснае хуліганства” і “наўмыснае прычыненне шкоды ў асабліва буйных памерах”. Нанесеная матэрыяльная шкода была ацэненая ў 235 тысяч рублёў. Хаця прысуды былі вынесеныя ў маі, праваабаронцы да гэтага часу не мелі магчымасці азнаёміцца з усімі даступнымі афіцыйнымі матэрыяламі судовага працэсу і следства.

Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч гаворыць, што “бабруйская справа анархістаў” шмат у чым пераклікаецца са справаю аб падзеях 19 снежня 2010 года. У прыватнасці, ацэнку дзеянням цяпер ужо асуджаных улады зрабілі яшчэ да вынясення прысуду, што і было агучана праз дзяржаўныя СМІ, ёсць праблема юрыдычнай кваліфікацыі дзеянняў асуджаных. Да ўсяго, асуджаныя юнакі з руху анархістаў падчас суда заяўлялі, што свае паказанні давалі пад ціскам следчых органаў. Бліжэйшым часам праваабарончыя арганізацыі маюць намер правесці аналіз згаданых крымінальных спраў і вынесці свой вердыкт наконт іх палітычнай матываванасці.

Спіс палітвязняў па названай формуле “11+3” быў адпраўлены чыноўнікам ЕС і ў еўрапейскія афіцыйныя структуры.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства