Віцебскіх актывістаў судзілі за расцяжку “Свабоду палітвязням!”
Затрыманыя ўвечары 11 снежня Уладзіслаў Варанецкі і Іван Салохін атрымалі судовае папярэджанне за тое, што вывесілі на мосце імя Блахіна расцяжку “Свабоду палітвязням!”. Абодва актывісты адзначаюць некарэктныя паводзіны супрацоўнікаў міліцыі падчас затрымання. Мінулую ноч ім давялося правесці ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання пад вартай.
Уладзіслаў Варанецкі распавёў, што затрыманне адбылося ўжо пасля таго, як расцяжка была павешана:
“Да нас пад’ехала звычайная грамадзянская машына, якая перад тым проста на мосце развярнулася на 360 градусаў, каб паехаць у наш бок. Невядомыя людзі ў цывільным адзенні сказалі нам, што яны супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС, але сябе не назвалі. Пакуль везлі ў пастарунак, адзін з гэтых мужчынаў ударыў мяне ў вока, адбіраючы мабільны тэлефон, калі я хацеў паведаміць пра наша затрыманне. А калі ўжо афармлялі на ноч у ізалятар часовага ўтрымання, то прыгразілі, каб мы не ўздумалі скардзіцца на здароўе і патрбваць “хуткую дапамогу”. “Я цябе тады прыдушу”, -- сказаў адзін з супрацоўнікаў”.
У ІЧУ хлопцаў пратрымалі ноч, а потым адвезлі ў Чыгуначны райсуд. Паводле аповяду актывістаў, суддзя Алена Цыганкова не прадаставіла ім часу, каб заключыць дамову з адвакатам на абарону ў судзе – сказала, што “усё адно ў вас на адваката няма грошай”. Ад прапановы выклікаць дзяжурнага адваката хлопцы адмовіліся самі.
Паводле артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях актывістаў прызналі вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення масавых вулічных акцый. З улікам таго, што ў суд яны трапілі ўпершыню, суддзя Алена Цыганкова палічыла магчымам абмежавацца папярэджаннем.
Фота: Іван Салохін і Уладзіслаў Варанецкі