Крупкі: участковы не пацвердзіў «удар нагой у твар»
28 лістапада ў Крупках прайшло паседжанне суда ў дачыненні да апошняга фігуранта масавых затрыманняў, якія мелі месца ў раённым цэнтры 18 і 19 лістапада. Аляксандр Шыгураў, якога абвінавачвалі ў непадпарадкаванні міліцыі і ў тым, што ён нанёс удар нагой у твар участковаму інспектару Чэпянцу, апраўданы.
У апублікаванай 22 лістапада афіцыйнай заяве адносна масавых затрыманняў ў Крупках, прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла: «... Пасля гэтага ў кафэ, з мэтай кантролю за сітуацыяй, зайшлі участковы інспектар міліцыі і двое супрацоўнікаў ПМСП. У гэты час адзін з наведвальнікаў Ш., 1985 г.н., знаходзячыся ў нецвярозым стане, спрабаваў распачаць бойку з іншымі грамадзянамі. Супрацоўнікі міліцыі прапанавалі яму прайсці з імі на вуліцу, аднак ён адмовіўся, пры гэтым аказаўшы супраціў. У ходзе непадпарадкавання мужчына стукнуў нагой у твар ўчастковага інспектара міліцыі, прычыніўшы яму цялесныя пашкоджанні, пасля чаго на хулігана былі надзетыя кайданкі».
Сёння ў Крупках на паседжанні суда пад старшынствам суддзі Крупскага раённага суду Хомы участковы інспектар Чэпянец не пацвердзіў факт нанясення яму ўдару ў твар нагой Аляксандрам Шыгуравым. Суддзя Хома засяродзіў увагу на тым, што ў рапарце ўчастковага інспектара яго рукой было запісана, што Шыгураў ударыў яго. Аднак Чэпянец ад фактаў, апісаных у рапарце, наадрэз адмовіўся. Выкліканая ў якасці сведкі інспектар па справах непаўналетніх Крупскага РАУС Чорная пры гэтым заявіла, што Шыгурава з кафэ вывеў Чэпянец. Але іншыя сведкі - наведвальнікі кафэ - абверглі гэтыя паказанні, распавёўшы суддзі пра тое, што хлопца выводзілі з ужываннем сілы менскія амапаўцы. Суддзя Хома, выслухаўшы паказанні сведак, справу ў дачыненні да Шыгурава закрыла, не прызначыўшы яму пакарання. Аднак суддзёй не была дадзена прававая ацэнка факту ілжывага сведчаньня Чэпянца і Чорнай.
Аляксандр Шыгураў пасля затрымання 18 Лістапада быў адпушчаны дадому і выкліканы позвай на паседжанне суда. Пасля вызвалення хлопец звяртаўся ў медустанову, дзе яму быў пастаўлены дыягназ «удар галавы, страсенне мозгу». Медыцынскую даведку ён і паказаў сёння ў судзе, спрабуючы даказаць, што амапаўцы яго збівалі. Гэты факт таксама ніякай рэакцыі з боку суддзі не выклікаў.