На Акрэсціна Юрыя Карэтнікава ламалі псіхалагічна
Лідар “Правага альянсу” Юры Карэтнікаў, які быў пакараны арыштам на 10 сутак нібыта да дробнае хуліганства, быў гатовы да падобнага развіцьця падзей. Вярнуўшыся дадому напрыканцы кастрычніка з вымушанай эміграцыі на Украіне, ён быў маральна гатовы да падобнай сітуацыі.
Перад вяртаньнем, у верасьні, Карэтнікаў зрабіў заяву аб тым, што арганізацыя “Правы Альянс” мяняе арыенціры: спыняе палітычную дзейнасьць і скасоўвае пасаду кіраўніка арганізацыі. Аднак у КДБ гэтаму не паверылі…
30 кастрычніка, праз гадзіну пасьля шэсьця ў Курапаты, яго затрымалі ў Менску разам з сябрам Сяргеем Савіным. У гарадскім аддзеле міліцыі (ГОМ) яму не дазволілі паведаміць пра затрыманьне нават родным, і толькі каля 17 гадзіны Юрась патэлефанаваў зь Першамайскага РАУС і паведаміў пра затрыманьне.
Назаўтра адміністратыўная справа была імгненна разгледжаная і Карэтнікава адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе і выявілася сапраўдная мэта ягонага арышту. Тройчы за 10 дзён Карэтнікава дапытвалі аператыўнікі з Камітэта дзяржбяспекі, прычым першы раз на допыце дэманстратыўна прысутнічалі закамуфляваныя "галаварэзы" ў “чорных масках” з прарэзамі дзя вачэй. Цягам гадзіны яны цікавіліся ягонымі далейшымі планамі, кантактамі ва Ўкраіне, патрабавалі ад яго прызнаньня ў арганізацыі падзеяў 19 снежня, а таксама ў атрыманьні грошай з-за мяжы. На бальшыню пытаньняў Карэтнікаў увогуле адмовіўся адказваць. Наступныя сустрэчы былі больш мірнымі, аднак пытаньні задаваліся аналагічныя.
Юрась Карэтнікаў лічыць, што, праводзячы беспадстаўнае выкраданьне пасярод белага дня з наступным арыштам, спецслужбоўцамі ставіліся адразу некалькі мэтаў: ізаляваць лідэра на некаторы час, каб правесьці ягоную псіхалагічную апрацоўку, а таксама запалохаць іншых актыўных людзей на Беларусі.
У знак пратэсту супраць незаконнага прысуду Юрась Карэтнікаў разам з Сяргеем Савіным увесь час свайго зняволеньня трымалі галадоўку.