Ад Еўрасаюза патрабуюць выразнай пазіцыі ў дачыненні да рэпрэсій у Беларусі
На старонках уплывовага французскага выдання Le Monde, у рубрыцы “Трыбуна” нумара ад 3 лістапада, апублікаваны зварот лідэраў міжнароднай грамадскасці да Еўрапейскага Саюза з заклікам “заняць агульную, выразную і прынцыповую пазіцыю, патрабуючы неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных зняволеных, таксама як і незваротных дэмакратычных зменаў, каб больш не аказвацца адным з бакоў такога ганебнага па сваёй сутнасці гандлю”.
Прыводзім тэкст звароту ў перакладзе з французскай мовы:
Еўрапейскі саюз павінен заняць выразную
і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэпрэсій у Беларусі
Сухэр Белхасэн, Стэфан Эсэль, Даніэль Кон-Бендзіт, Джонатан Літтэл
“Час
зрабіў нам выклік. Мы яго прынялі”: незадоўга да свайго арышту ў
пачатку жніўня ў Мінску Алесь Бяляцкі эмацыйна распавядаў у інтэрв'ю пра сваю
працу ў Праваабарончым цэнтры “Вясна”, якім ён кіруе з 1996 года. Ён успамінаў пра
гады разнастайнай актыўнай дзейнасці ў краіне, кіруючы рэжым якой усё больш
наступаў на палітычныя і грамадзянскія свабоды грамадзянаў. Гады падтрымкі
палітычных зняволеных, барацьбы супраць смяротнага пакарання, актыўнага
процідзеяння дзяржаўнай дэзінфармацыі... “Вясна” стала балючай стрэмкай у целе
рэжыму. Сітуацыя яшчэ больш абвастрылася пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні
2011 года, калі ахвяры асабліва жорсткіх рэпрэсій знайшлі пастаянную падтрымку
ў каманды “Вясны”, нягледзячы на ўсё больш відавочна выкліканы гэтым гнеў уладаў.
Накіраваная на абарону правоў чалавека і дэмакратыі праца Алеся Бяляцкага, які з
часам стаў віцэ-прэзідэнтам FIDH, прыводзіла яго ў самыя розныя краіны:
Кыргызстан 2010-га і Грузія 2008-га года, Куба, дзе ён дапамагаў дэмакратычным
актывістам, якія працуюць літаральна ў падпольных умовах , рэвалюцыйны Туніс, і
многае іншае...
4 жніўня 2011 г. Алесь быў арыштаваны беларускімі ўладамі і абвінавачаны ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва
буйных памерах”. 2 лістапада гэтага года пачаўся суд над ім. Алесю пагражае
ад трох да сямі гадоў зняволення. Не першы раз Алесь паўстане перад беларускім
судом, яго першыя затрыманні датуюцца яшчэ савецкімі часамі... Але на гэты раз
пастка была пабудавана куды больш мудрагеліста. Празмерная стараннасць польскіх
і літоўскіх службаў, якія перадалі ў Беларусь звесткі пра яго рахункі за мяжой,
дазволілі ўладам зачыніць даўно падрыхтаваную пастку. “Хто хоча ўтапіць сабаку, абвінавачвае яе ў шаленстве”: беларускія
ўлады выдатна зразумелі сэнс гэтай французскай прымаўкі. З моманту свайго
арышту Алесь стаў ахвярай бесперапыннай паклёпніцкай кампаніі.
Загнаныя ў кут, незалежныя НДА не могуць фінансаваць сваю дзейнасць інакш як выкарыстоўваючы
пралазы, каб пазбягаць усюдыіснай палітычнай цэнзуры рэжыму. Пралазы гэтыя
зразумелыя і прынятыя іх донарамі, якія патрабуюць ад НДА ў адказ вельмі дбайнай
фінансавай справаздачнасці. “Вясна” па неабходнасці навучылася новым правілам
гульні, скрупулёзна адказваючы яе падвышаным патрабаванням, што, напэўна,
часткова тлумачыць яе даўгавечнасць і неаслабную эфектыўнасць... а таксама ўсё
больш вострую нянавісць, якой ёй плоціць рэжым Лукашэнкі. Толькі што новы
закон, нацэлены фактычна на забарону ўсіх формаў замежнага фінансавання НДА,
тэрмінова прайшоў усе чытанні ў беларускім парламенце. Адначасова былі пашыраны
і без таго шырокія паўнамоцтвы КДБ. Нарэшце, несанкцыянаваныя дэманстрацыі не
толькі забароненыя, але нават і заклік да такіх акцый з гэтага часу можа
прывесці да зняволення аж да трох гадоў.
Нягледзячы на ўсе гэтыя трывожныя сігналы, міжнародная супольнасць, падобна,
вагаецца. За афіцыйнымі выбачэннямі польскіх і літоўскіх урадаў ішлі ўслед
шматлікія, але часам няспраўныя заявы афіцыйных асобаў. Але найбольш трывожыць адсутнасць
выразнай лініі паводзінаў з боку Еўрапейскага Саюза. З самага моманту поўнага
абвалу ілюзій перадвыбарнай «лібералізацыі»
у Беларусі - некалькі сотняў арыштаваных у дзень выбараў, у тым ліку сем з
дзевяці прэзідэнцкіх кандыдатаў, не кажучы пра дададзены да іх ліку арышт
Бяляцкага ў жніўні - ЕС памнажае супярэчлівыя жэсты і ўчынкі, беспаспяхова
спрабуючы дамагчыся доўгачаканых зменаў. Узмацненне ўведзеных супраць рэжыму
санкцый не перашкодзілі Польшчы, якая на дадзены момант старшынюе ў ЕС,
публічна прапанаваць дзевяць мільярдаў еўра Беларусі “пры ўмове, калі правы чалавека, грамадзянскія свабоды і стандарты
дэмакратычных выбараў будуць выконвацца”. Вынік? Лукашэнка не схільны
расставацца з кантынгентам сваіх турмаў, каб атрымаць у сваю калоду карты
буйнейшыя, рыхтуючыся да нялёгкіх для яго перамоваў.
У ліку іншага, Лукашэнка гуляе на сваім альянсе з Масквой, пагражаючы перасекчы
масты з Бруселем. Ён таксама рыхтуе кантракты з новымі партнёрамі, такімі як
Кітай, Катар або Іран, што, вядома, збольшага тлумачыць нерашучасць Еўрасаюза...
А ў чаканні вынікаў гульні, палітычныя вязні, умовы заключэння якіх толькі
пагаршаюцца, сталі сапраўднымі закладнікамі гэтага аўкцыёну.
Заўважым, што Беларусь перажывае эканамічны беспрэцэдэнтны крызіс, і больш чым
калі-небудзь мае патрэбу ў фінансавай падтрымцы ЕС. А значыць, дыпламатычныя
рычагі існуюць. Менавіта таму міжнародная супольнасць павінна заняць агульную,
дакладную і прынцыповую пазіцыю, патрабуючы неадкладнага вызвалення Алеся
Бяляцкага і ўсіх палітычных зняволеных, таксама як і незваротных дэмакратычных
зменаў, каб больш не аказвацца адным з бакоў такога ганебнага па сваёй сутнасці
гандлю. Перафразуючы словы Алеся, мы звяртаемся з пытаннем да еўрапейскіх
інстанцыяў: “Гісторыя робіць вам выклік. Ці зможаце вы прыняць яго?”
Сухэр Белхасен, Прэзідэнт
Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH)
Стэфан Эсэль, пасол Францыі,
ганаровы прэзідэнт Камітэта сяброў FIDH
Даніэль Кон-Бендзіт, сустаршыня
групы “Зялёныя - Еўрапейскі Свабодны Альянс” у Еўрапейскім Парламенце
Джонатан Літтэл, пісьменнік