Праваабаронца Левінаў: Віцебскі аблвыканкам здзекуецца з мяне
Як зьдзек успрыняў праваабаронца Павал Левінаў апавяшчэньне, атрыманае ім надоечы зь Віцебскага аблвыканкаму. У ім чыноўнікі паведамляюць, што зварот, які праваабаронца меў намер асабіста перадаць губэрнатару Аляксандру Косінцу, зарэгістраваны і ў вызначаны заканадаўствам тэрмін будзе разгледжаны Ўпраўленьнем аргкадравай работы выканкаму, піша сайт "За правы чалавека".
У лісьце, які так і не дайшоў да належнага адрасата, Павал Левінаў прасіў спадара Косінца як сябру Савету Рэспублікі ўстрымацца ад прыняцьця ў верхняй палаце парлямэнту шэрагу рэпрэсіўных, на думку шматлікіх экспэртаў, законапраектаў.
Як вядома, 21 кастрычніка Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, не зважаючы на пратэсты грамадзян, ухваліў законапраект «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» і папраўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах». Дык што цяпер ужо наўрад ці будзе якая-небудзь карысьць ад разгляду чыноўнікамі ліста, у якім зьмяшчаўся заклік адхіліць згаданыя законы.
Зрэшты, нават калі б напярэдадні паседжаньня Савету Рэспублікі Павал Левінаў здолеў асабіста ўручыць спадару Косінцу пасланьне, гэта, хутчэй за ўсё, нічога не зьмяніла б. Прынамсі, іншыя сябры Савету Рэспублікі зь Віцебску, якім ад імя прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Павал Левінаў змог перадаць аналягічныя лісты, - Алена Падаляк і Аляксандар Зянькоў - падчас галасаваньня падтрымалі новыя законы. Зрабілі яны гэта нягледзячы на тое, што напярэдадні азнаёміліся з аргумэнтамі грамадзян, якія назвалі законапраекты, што прымаліся, супярэчнымі Канстытуцыі, Усеагульнай дэклярацы правоў чалавека і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь.